Супраца з украінскімі машынабудаўнікамі дэманструе добры кадравы і тэхналагічны патэнцыял беларускага аўтагіганту.
Чаркаскі завод кампаніі Богдан Моторс выпусціў першыя асобнікі грузавікоў Богдан-6317 (63172) для патрэбаў украінскай арміі, паведамляе Auto Consulting. Аднак гэта наш аўтамабіль у большай ступені, чымся ўкраінскі – пакуль што яго будуць збіраць проста з машынакамплетаў прывезеных з Беларусі.
«Аматары абмяркоўваюць тактыку, прафесіянальныя вайскоўцы вывучаюць лагістыку» – гэткае выслоўе прыпісваюць ці то былому камандуючаму Корпуса марской пяхоты ЗША генералу Роберту Бэроў, ці то пісьменніку Тому Клэнсі, аўтару культавых ваенна-палітычных трылераў.
Адпаведна не толькі танкі, гарматы і бронетранспарцёры патрэбныя любой сапраўднай арміі. Не менш, а то і больш сучаснаму войску патрэбныя разнастайныя грузавікі для дастаўкі па шашы і прасёлках усяго таго вялізарнага набору грузаў, які патрабуецца на вайне.
Напрыклад, да вайны ў танкавым батальёне ўкраінскай арміі па штаце было 40 танкаў, 13 адзінак больш лёгкай бранятэхнікі і 28 грузавых і спецыялізаваных аўтамабіляў. У артылерыі колькасць грузавікоў павінна была быць заўважна большай за колькасць баявой тэхнікі, а па факце падчас баявых дзеянняў небраніраваныя грузавыя машыны савецкай, украінскай і беларускай вытворчасці выкарыстоўваліся паўсюль, нават на перадавой.
Попыт на вайсковыя грузавікі рэзка вырас у 2014-м, калі ўкраінская армія вяла зацятыя баі з расейскімі баевікамі на Данбасе. Магутнасці Крэмэнчуцкага аўтамабільнага заводу (КрАЗ) не маглі задаволіць патрэбы ўкраінскага войска цалкам, і менавіта Беларусь стала бадай не галоўным вонкавым пастаўшчыком аўтамабільнай тэхнікі для Украіны.
Тады МАЗы яшчэ пастаўляліся са стандартным для беларускіх грузавых аўтамабіляў рухавіком Яраслаўскага маторнага заводу. Цяпер машыны пад украінскім індэксам 63172 ужо збіраюцца з новым рухавіком вытворчасці кампаніі WeichalPower (Кітай). Такім чынам украінская армія цалкам адмовілася ад расейскіх камплектуючых.
МАЗаўскія «Богданы» маюць падвышаную праходнасць і служаць для перавозкі людзей ці грузаў, буксіроўкі прычэпаў (у тым ліку ўзбраення) па ўсіх відах дарог і па бездарожжу. Грузавікі маюць сістэму рэгулявання ціску ў шынах, камплектуюцца лябёдкай і тросам, хутка запускаюцца зімой за кошт прадпускавога падагравальніка.
Поўнапрывадныя машыны, якія маюць колавую формулу 6х6, могуць перавозіць да 11 тонаў грузаў або 48 чалавек.
Выпрабаванні Богдан-6317 (63172) ува Украіне скончыліся на пачатку снежня, і беларуская тэхніка даказала сваю вартасць для войска, якое ваюе. Таксама існуе версія машыны з браніраваннем ад агню стралковай зброі.
Аднак гэтыя «Богданы» вырабляюць у Кіеве – у навукова-вытворчым аб’яднанні «Практыка», якое займаецца браніраваннем. Такім чынам, украінскі бок займаецца браніраваннем і буйнавузлавой зборкай машын, а беларускі – пастаўляе машынакамплекты.
Акрамя таго з 2016 году плануецца выпуск пад маркай «Богдан» МАЗа 5316 з колавай формулай 4х4 і седлавога цягача 6425 з колавай формулай 6х6, паведамляе ўкраінская кампанія.
Хоць афіцыйна Менскі аўтамабільны завод не прызнае супрацы з украінскай арміяй і Нацыянальнай гвардыяй (гэта можа паўплываць на ягоныя перспектывы на расейскім рынку), Беларусь, негледзячы на афіцыйны ваенны саюз з Масквой, падтрымлівае паўднёвага суседа.
Выходзіць, на самой справе беларускае машынабудаўніцтва мае добры кадравы і тэхналагічны патэнцыял развіцця, які галоўнае не знішчыць ані чынавецкім кантролем і пасіўнасцю, ані празмерна рэзкімі рашэннямі ў стылі «лепей зачыніць нерэнтабельнае прадпрыемства».
Аляксандр Гелагаеў