Маці-328 прыйшлі ў Адміністрацыю прэзідэнта. Сустрэчы з Лукашэнкам не будзе. Стрым



2 траўня 7 удзельніц руху Маці-328 (жанчыны, чые сваякі сядзяць за ўжыванне наркотыкаў) прыйшлі на сустрэчу з чыноўнікамі ў Адміністрацыі прэзідэнта. З імі сустрэлася кіраўніца Адміністрацыі і ейныя падначаленыя.

Раней у Калінкавічах і ў Пухавіцкім раёне жанчыны абвесцілі галадоўку, каб дамагчыся змякчэння пакарання па артыкуле 328. Таксама яны патрабавалі аўдыенцыі асабіста ў Аляксандра Лукашэнкі. Belsat.eu вядзе жывую трансляцыю падзеі.

ЯМУ пра ўсё будзе дакладзена

18:23 «Нас папрасілі: дзевачкі вы ж кушайце! Качанава (кіраўніца Адміністрацыі прэзідэнта) сказала, што цяпер на стадыі абмеркавання знаходзіцца законапраект, які мае змяніць сітуацыю ў пытанні пакаранняў за ўжыванне наркотыкаў. Нам казалі, што не варта было ісці на гэтую сустрэчу. Але тупаць ножкаю – гэта не па-даросламу.

Галадоўка працягваецца

Яны цяпер заварушыліся. Галадоўка працягваецца. Заўтра да нас далучыцца Віцебск», – кажа ўдзельніца руху Маці-328.

18:20 «Напрыканцы размовы, Наталля Качанава паабяцала, што заўтра Аляксандру Лукашэнку будзе дакладзена пра нашую справу. Сустрэчы з Лукашэнкам адназначна не будзе. Нам не сказалі чаму», – паведаміла ўдзельніца руху Маці-328 пасля сустрэчы з кіраўніцаю Адміністрацыі.

18:10 Пад Менскам у Пухавіцкім раёне працягваецца галадоўка ўдзельніц руху Маці-328. Галадоўка адбываецца ў намётах. У ёй бяруць удзел 8 жанчын, паведамілі нашай карэспандэнтцы Кацярыне Андрэевай, якая цяпер знаходзіцца каля будынку Адміністрацыі прэзідэнта.

17:47 Маці асуджаных моляцца перад будынкам Адміністрацыі прэзідэнта

17:45

«Да, мой сын вінаваты. Ён узяў наркотыкі ў рукі – ён вінаваты. Але не на 9 гадоў жа сажаць», – кажа адна з жанчын.

17:33 Жанчына распавядае гісторыю свайго сына. Яму патэлефанавала дзяўчына і прапанавала купіць у яе марыхуану, сын жанчыны адмовіўся, бо ў яго не было грошаў. Хлопец распавёў сябрам, што была прапанова купіць «травы». Сябры вырашылі набыць, знайшлі на гэта грошы. Хлопец пайшоў за закладкамі, падзяліў на траіх, але заўважыў, што гэта не марыхуана, а хімічнае рэчыва. Не стаў паліць, скруціў і паклаў у кішэню. Два ягоных сябра выкурылі наркатычнае рэчыва. Яны атрымалі 2 гады «хіміі», а сыну жанчыны далі 8 гадоў за распаўсюд. Сведкай на судзе выступаў аператыўны супрацоўнік.

17:25 Верагодна, што сустрэча галадоўніц з чыноўнікамі ўжо ідзе. Людзі чакаюць вынікаў каля Адміністрацыі прэзідэнта.

17:00

«Трэба саджаць не спажыўцоў, а распаўсюднікаў», – кажа жанчына, у якой сядзіць муж.

Ён набыў 0,37 грама наркатычнага рэчыва, каб ужыць разам са стрыечным братам. Яму далі 8 гадоў за распаўсюд наркотыкаў.

16: 48 Адна з жанчын расказвае гісторыю свайго сына. Па яе словах, ён набыў 5 грамаў рэчыва alfa-PVP, да яго прыйшоў наркакантроль. Пракурор запатрабаваў 4 частку. Са словаў маці, на судзе не было сведкаў і не было доказаў. Хлопец на судзе сцвярджаў, што ўжываў наркотык сам, а не распаўсюджваў. Яму далі 15 гадоў.

16:40 Большасць бацькоў кажа, што іх дзяцей падставілі ці справакавалі. Па ягоных словах, у сына знайшлі 0,098 грама наркотыка. Яго судзілі па 3 частцы артыкулу 328. Мужчына распавядае, што сябра яго сына проста папрасіў набыць для яго наркотык, сын набыў, аддаў і яго за гэта пасадзілі.

16:25 Адзін з бацькоў сцвярджае, што ў калоніях 80% дзяцей сядзяць па сфабракаваных справах. Ягонаму сыну далі 11 гадоў па 2 і 3 частцы артыкулу 328. Мужчына кажа, што сына пасадзілі ўжо пасля таго, як справа была зачыненая.

16:15

«Чаму з Міністэрства адукацыі ніхто не падняў пытанне, чаму іх вучні са школьнай лавы адразу пераязджаюць на нары?», – кажа жанчына, у якой сын ужо 5 гадоў знаходзіцца ў калоніі.

Яна вінаваціць дзяржаўныя службы ў тым, што яны не праводзяць працу з моладдзю. Сядзяць толькі дзеці, а ніхто з чынавенства не нясе адказнасці.

16:00 Частка жанчын выйшла з адміністрацыі. Сустрэчы пакуль не было, ва ўдзельніц галадоўкі спраўджваюць дакументы. Хто з чыноўнікаў будзе прымаць жанчын пакуль не вядома, але, хутчэй за ўсё гэта будзе Наталля Качанава, якая кіруе Адміністрацыяй прэзідэнта.

15:56

«Гэта генацыд! Гэта вынішчэнне моладзі! Тэрміны трэба скараціць у два разы!», – кажа адна з жанчын.

15:52

«Яшчэ ні адзін чалавек не памер ад марыхуаны. А колькі памерла ад алкаголю?! Я не за легалізацыю, а за дэкрыміналізацыю», – кажа мужчына, у якога брата пасадзілі за наркотыкі. Брату засталося сядзець яшчэ 10 гадоў. Такое пакаранне прадугледжваюць часткі 3,4 і 5 артыкулу 328.

15:50

«У нас адно патрабаванне – сустрэча з Аляксандрам Рыгоравічам. Калі гэта будзе, то тады ўжо можна будзе аб нечым казаць», – кажа жанчына, якая прыйшла падтрымаць Маці-328.

Па яе словах, яе сына пасадзілі на 8 гадоў за тое, што падвозіў на сваёй машыне кагосьці, у каго былі наркотыкі.

15:45 7 удзельніц галадоўкі заходзяць у Адміністрацыю прэзідэнта. Журналістам не дазволілі прысутнічаць на сустрэчы.

15:40

Да будынку Адміністрацыі прэзідэнта прыйшлі больш за дзесяць асобаў. жанчыны спадзяюцац на сустрэчу з высокімі чыноўнікамі. “Але мы пакуль ідзем у цмеру, у невядомасць”, – кажа адна з жанчын. «Гэта першы крок да канструктыўнага дыялогу, для нас гэта вялікі крок – тое што Адміністрацыя прэзідэнта да нас павярнулася тварам і нас пагадзіліся прыняць. Тры гады запар мы не маглі дагрукацца да чыноўнікаў», – дадала іншая ўдзельніца Руху.

Бестэрміновую галадоўку жанчыны распачалі ўначы 27 красавіка. Частка галадоўніц знаходзілася ў Пухавічах, частка – у Калінкавічах. Усяго галадоўку трымалі каля 20 чалавек па Беларусі. Напрыканцы першага дня ў кватэру да галадоўніц прыйшлі мясцовыя чыноўнікі: старшыня Калінкавіцкага райвыканкаму Сяргей Гвоздзь і старшыня мясцовага савету дэпутатаў Віктар Замосцік. Яны запрапанавалі жанчынам 2 траўня сустрэцца з кіраўніцай Адміністрацыі прэзідэнта Наталляй Качанавай.

У сваю чаргу тыя адказалі, што «Качанава нічога не вырашае», і што хочуць звярнуцца ў першую чаргу да Лукашэнкі, а потым да міністра ўнутраных спраў, генпракурора, кіраўніка Следчага камітэта і інш.

Галадоўніцы ўжываюць толькі ваду. У Адміністрацыю яны таксама прыедуць галодныя.

28 красавіка адной з удзельніц галадоўкі стала дрэнна, і ёй выклікалі хуткую дапамогу.

***

Толькі за 2017 год у Беларусі паводле артыкулу 328 КК (незаконны зварот наркатычных сродкаў) асудзілі 2830 асобаў, з іх 105 чалавек – непаўналетнія. Мінімальнае пакаранне па гэтым артыкуле – ад двух гадоў турмы, а максімальнае – да 25 гадоў.

КА, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары