Матэўш Марчэўскі: «Беларусы мусілі схавацца на пэўны час пад зямлю». Інтэрв'ю з аўтарам кнігі пра Беларусь


Не так часта зʼяўляюцца кнігі пра Беларусь, якія пішуць замежнікі. «Колавыя азёры Беларусі» – гэта партрэт нас, беларусаў, які б мы не змаглі намаляваць самыя.

Кніга толькі толькі зʼявілася ў польскіх кнігарнях. Інтэрвʼю з яе аўтарам Матэўшам Марчэўскім у праграме «Прасвет».

Аліна Коўшык: Гэтая кніжка, на маю думку, гэта як бы абавязковае чытво для тых, хто збіраецца паехаць у Беларусь, бо паказвае схаванае

Матэўш Марчэўскі: Вельмі цешуся, што так выглядае Вашая рэфлексія пасля прачытання гэтае кнігі. Я ездзіў у Беларусь цягам чатырох гадоў, і кожны раз гэтая краіна паказвала сябе з іншага боку, з новымі аспектамі, паказвала мне новыя рэчы. У нас у Польшчы мы маем спецыфічнае ўспрыманне Беларусі, настолькі спецыфічнае, што, па-сутнасці, яго няма. Калі я размаўляў са знаёмымі і казаў ім, што пішу кніжку пра Беларусь, то яны адказвалі: гэта вельмі цікава, бо мы пра Беларусь нічога не ведаем. Гэта адное з пытанняў, якое мы, як суседзі, мусім сабе задаваць: як гэта магчыма ў сённяшнім часе? Хоць гэта змяняецца… Бо я пачаў пісаць у 2012 годзе. І калі ехаў туды, то гэта была таямніца. Тое адзінае, што ў мяне было, гэта інфармацыя пра краіну з прэсы, а гэтая інфармацыя з прэсы, як мы ведаем, далёкая ад поўнага вобразу як жывуць людзі. Думка пра тое, што я напішу кнігу, была, але адначасова я шукаў нейкага ключа.

Аліна Коўшык: І што было гэтым ключом для цябе?

Матэўш Марчэўскі: Пасля двух гадоў наведвання Менску, а я таксама быў і на Палессі, я пазнаёміўся з чалавекам, які распавёў мне пра Ластоўскага – прэмʼер-міністра незалежнай Беларусі з пачатку 20-га стагоддзя, і ягоную кароткую аповесць «Лабірынты», у якой галоўны герой спускаецца ў Полацкія сутарэнні і там чуе спеў беларускіх старцаў. І гэтая аповесць – абавязковая для ўсіх, хто цікавіцца беларускаю тоеснасцю, бо ў ёй фіксуецца вельмі шмат праблемаў. Ластоўскі напісаў аповесць пра народ, які ў пэўны час мусіў схавацца пад зямлю ў сувязі з гістарычнымі падзеямі, з геаграфічным размяшчэннем у Еўропе, з геапалітыкаю.

Аліна Коўшык: Тое, што ты пішаш у сваёй кніжцы, тое, што я адтуль вынесла, гэта што беларусы такі народ, які зробіць усё, каб ацалець. Ці гэта такі галоўны дэвіз нашае свядомасці, паводле цябе як аўтара?

Матэўш Марчэўскі: Я ўвогуле думаю, што свядомасць складаецца з вялікай колькасці аспектаў. І ў залежнасці ад таго, які мы народ бярэм і разглядаем, у гэтай свядомасці будуць розныя ключавыя элементы. Я, вядома, не эксперт, я напісаў гэтую кнігу пасля чатырох гадоў, і яна толькі погляд адной асобы на вельмі шырокую справу. Але мне здаецца, што ўсведамленне крохкасці і штармлівасці гісторыі ўпісаныя ў беларускую душу. «Выжыванне», калі мы чуем гэтае слова, то думаем пра тое, што хтосьці бароніцца, але гэтае слова мае і той сэнс, што калі, напрыклад, выжыла нейкая ідэя, то яна была вельмі моцная.

Аліна Коўшык: Кніжка заканчваецца вельмі моцнаю сцэнай…(паўза) Там жанчына, якая танчыць. Захаваем інтрыгу, але ты б мог сказаць, чым яшчэ цябе здзівіла Беларусь? Што было для цябе найбольшаю нечаканасцю?

Матэўш Марчэўскі: Думаю, што найбольшая нечаканасць – своеасаблівая беларуская метафізіка. І я не кажу гэтага, каб зрабіць беларусам прыемнасць, абсалютна. Я проста вельмі чула ўспрымаю рознага роду духоўныя ваганні ды аповесці, якія я адкрываю ў тых месцах, дзе бываю. У Беларусі жыве нейкая духоўнасць, і няхай ніхто гэтага не ўспрыме як негатыўны аспект, нейкі архаізм. Маўляў, духоўны – значыцца дрэнны. Ні ў якім разе не! Бо і гэтая краіна і народ вельмі дынамічна развіваюцца. Але ў народзе застаецца жывая тая метафізіка, якой мне не стае ў Польшчы, і гэта выдатна. Я быў гэтым глыбока крануты. Таму кніжка, магчыма, паказвае нейкі духоўны партрэт, а не той партрэт, які мы малюем журналісцкімі інструментамі. Кніга дазваляе пранікнуць глыбей і распавесці пра рэчы, якія не ўсіх цікавяць. Думаю, што было б больш такіх кніг і было б больш такіх рэфлексіяў з абодвух бакоў, калі б мы маглі, праўда, не ведаю як, пранікаць, узаемадзеяць. Гэта было б важна, для абодвух бакоў.

Аліна Коўшык: Як ты думаеш, ці ўдалося табе кнігаю разбурыць пэўныя стэрэатыпы, звязаныя з Беларуссю і якія пануюць тут у Польшчы?

Матэўш Марчэўскі: Не ведаю, ці ўдалося разбурыць стэрэатыпы, бо не ведаю, ці роля аўтара – навучанне і павучанне. Але пунктам на маю карысць можа быць тое, што пасля аўтарскіх сустрэчаў людзі мне кажуць, што Беларусь, пра якую яны нічога не ведалі, падалася ім краінаю вельмі цікаваю, з іншаю рэальнасцю, у якой арыгінальна пераплятаюцца рэлігія, гісторыя, тоеснасць. У мяне ёсць сціплая надзея, (са смехам) добра, не сціплая, а вялікая надзея, што гэтая сціплая кніга дапаможа нам зразумець нашых суседзяў беларусаў абсалютна па-новаму. Субʼектыўна, бо я не кажу, што я абʼектыўны ў тым, што пішу. Але маё апісанне дапаўняе той вобраз Беларусі, які пануе ў нас.

Аліна Коўшык: Я думаю, што гэтая кніга магла б быць вельмі цікавым чытвом і для саміх беларусаў. Каб яны пабачылі, як нас бачаць. Ці ёсць нейкія планы, каб зрабіць пераклад кнігі?

Матэўш Марчэўскі: Гэта мая мара. Гэта мая вялікая мара. Мы ўсе стомленыя ад тых, хто кажа нам, як мусіць быць. Але калі існуе шмат галасоў на тую ж тэму, то мы можам выбраць каго нам слухаць. Гэта адзін з такіх галасоў.

Аліна Коўшык: На маю думку, гэта хор галасоў. Бо герояў так шмат у гэтай кніжцы. Некаторых ты не называеш па імені, а толькі даеш метафарычныя мянушкі. Некаторых падпісваеш па імю і прозвішчу. Шмат каго я нават асабіста ведаю. І гэта тыя людзі, якія сапраўды будуюць тую Беларусь, якая не заўсёды навідавоку. Можа, напрыканцы запытаюся, чаго б ты пажадаў Беларусі? Той Беларусі, якую ты адносна глыбока спазнаў.

Матэўш Марчэўскі: Я б пажадаў бязмежнай свабоды на права быць грамадзянамі, грамадствам. Бо гэта вельмі каштоўнае і вельмі крохкае. І гэта маё самае вялікае пажаданне. Калі ўласная, індывідуальная свабода да ўсяго ўжо ёсць, калі яна выпрацаваная, тады айчынная свабода можа пашырацца ў бясконцасць. У адваротным выпадку нашая індывідуальная свабода мае свае межы, і тады гэта ўжо не свабода.

belsat.eu

Стужка навінаў