Маскоўскі суд прызнаў законным падаўжэнне арышту Саўчанкі да 13 траўня


Сёння суд разглядзеў скаргу на падаўжэнне арышту Надзеі Саўчанцы. Лётчыца і народны дэпутат Украіны ўдзельнічала ў паседжанні праз відэаканферэнцсувязь.

На судзе прысутнічаюць прадстаўнікі амбасадаў Нямеччыны, Еўразвязу, Украіны, паведамляе ў Twitter «Радыё Свабода». Сама лётчыца прымала ўдзел у паседжанні праз відэаканферэнцсувязь, бо не фізічна не магла прысутнічаць з-за стану здароўя.

«Пачынайце, бо да наступнага суду магу не дажыць», – заявіла на пачатку паседжання Надзея Саўчанка.

У Расеі яе вінавацяць у датычнасці да гібелі расейскіх журналістаў на Данбасе. Надзею Саўчанку ўзялі пад варту ў ліпені мінулага года, пасля таго, як сепаратысты захапілі яе ў палон, перавезлі праз мяжу і перадалі расейскім сілавікам.

Украінка галадае ўжо 75-ы дзень, спыняць галадоўку не збіраецца, пакуль суд не прызнае яе невінаватай. 10 лютага Басманны суд Масквы працягнуў тэрмін арышту Саўчанкі да 13 траўня.

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў