Маленькія іканапісцы з Горадні б’юць рэкорды ў міжнародных узнагародах (Фота)


Вучні іканапіснай школы ў Горадні

Гарадзенская іканапісная студыя «Пакроў» становіцца ўсё болей вядомай у праваслаўным свеце. Іконы, напісаныя маленькімі гарадзенцамі, не раз збіралі і надалей збіраюць найвышэйшыя ўзнагароды на міжнародных і рэспубліканскіх іканапісных конкурсах.

Ідэя заснавання іканапіснай студыі пры Свята-Пакроўскім саборы ў Горадні з’явілася 4 гады таму, аднак яе настаўніца Дар’я Калібярда не адразу вырашылася на адкрыццё школы. «Спыняла адказнасць, – тлумачыць настаўніца. – На пачатку вучыла маленькіх шасцігадовых дзетак, а пасля пачалі прасіцца больш старэйшыя».

Цяпер яе вучні маюць ад 8-мі да 15-ці гадоў. У большасці гэта дзяўчынкі, але прыходзяць таксама пяцёра хлапчукоў – агулам каля 20-ці асобаў, якія займаюцца амаль кожны дзень.

Пачыналі з малюнкаў на рэлігійную тэматыку. Малявалі цэрквы, арнаменты. Аднак, калі адна з вучаніц вырашылася і напісала першую ікону, гэта стала пачаткам сапраўднага іканапісу ў школцы.

Зробленая дзецьмі фрэска ў званарні ў Жыровічах

«Мы перасталі баяцца»

«Тады мы перасталі баяцца, – узгадвае настаўніца. – У нас адразу пайшлі перамогі на розных міжнародных конкурсах. Быў конкурс «Віфлеемская зорка». Трое нашых вучняў атрымалі дыпломы і мне далі Гран-пры як педагогу. А потым мы з дзеткамі зрабілі батлейку, фігуры ў велічыню чалавека. Яна ўжо чатыры гады выстаўляецца на калядныя святы перад саборам».

На гэтым настаўніца з маленькімі іканапісцамі не спыніліся. Наступнай сурёзнай працай стаў роспіс званарні ў Жыровічах.

«Канешне, гэта не дзіцячая праца, але дарослым трэба проста больш давяраць дзецям, не баяцца. І тады ўсё магчыма. Спачатку, канешне, адчуваецца, што ім цяжка, а пасля як па масле. Гэта вучыць іх цярплівасці. Ікона можа пісацца і паўгода, і год. Лёша ў нас пісаў год. Іканапіс дае ім духоўнасць, якой так не хапае ў нашым жыцці. Кампʼютары, тэлебачанне займаюць яе месца. Таму гэта такі маленькі праменьчык святла, які яны атрымоўваюць у студыі», – адзначае педагог.

Батлейка на Раство, зробленая з дзецьмі

З усмешкай спадарыня Дар’я паказвае сцяну, абвешаную дыпломамі маленькіх іканапісцаў: «Б’ём рэкорды. Перамагалі ў конкурсе ікон у Літве, у конкурсе ад сабору Васіля Блажэннага ў Маскве, у конкурсе Андрэя Рублёва. Масква нас ведае».

Апошнюю ўзнагароду ў школе атрымала 15-ці гадовая Злата Біжака, якая заняла 3-е месца ў конкурсе «Прыгажосць Божага свету» ў Маскве за абраз святога Афанасія, епіскапа Каўроўскага. «Іканапісца» з Горадні выйграла сярод удзельнікаў з Расеі, Казахстану, Сербіі, Ізраілю ды іншых краінаў.

Калядная батлейка, зробленая разам з дзецьмі

Незразумелае для чалавека

«Часам, калі пішаш абраз або рэстаўруеш, узнікае адчуванне, што нехта ёсць побач і назірае за працэсам, – дзеліцца спадарыня Дар’я. – У іконе ёсць нешта такое таямнічае для чалавека. Ты стаіш насупраць яе, а вочы глядзяць на цябе. Ты стаіш збоку, яны таксама глядзяць на цябе. Дзе б ты ні знаходзіўся, яны проста глядзяць у тваю душу. Ёсць, канешне, уплыў мастака, але штосьці ёсць такое незразумелае для нас, штосьці, што само намі кіруе».

Настаўніца іканапісу вучылася пісаць іконы самастойна. Скончыла вучылішча дэкаратыўна-прыкладнага мастацтва, пасля ўніверсітэт імя Янкі Купалы ў Горадні. Потым пачала рэстаўраваць старыя іконы і ў выніку ствараць іх уласнаручна.

«Калі займаюся рэстаўрацыяй, з’яўляецца нейкае такое ўрачыстае адчуванне», – кажа спадарыня Дар’я.

Маці Божая «Неўвядальная кветка»

«Беларуская ікона – складаная і наіўная»

Адзін з самых улюбёных абразоў, створаных Дар’яй Калібярдой, – гэта спісак з беларускай іконы Маці Божай «Неўвядальная кветка», якая датуецца першай паловай XVII стагоддзя.

«Нашыя іканапісцы рэдка бяруцца пісаць беларускую ікону. Яна складаная, чымсьці падобная да каталіцкай іконы. Яна жывапісная і дэкаратыўная, у ёй прысутнічае народнасць. Адчуваецца ўплыў барока, які можна прасачыць у арнаментах. Для яе характэрны менавіта прыгожыя раслінныя ўзоры і нейкая такая наіўнасць, якую бачна на тварах. Румяныя шчочкі, позірк заўсёды адрозніваецца».

Навучэнцы іканапіснай студыі за беларускую ікону пакуль не бяруцца, аднак у хуткім часе будуць пачынаць шыць новыя і аднаўляць старыя харугвы з іконамі для будучага музею, які хочуць стварыць у Свята-Пакроўскім кафедральным саборы.

Паўліна Валіш, belsat.eu


Усе здымкі:

Глядзі таксама
Каментары