«Малады фронт» склаў спіс «Чорнай сотні» – груповак «расейскага свету» ў Беларусі


Міжнародная арганізацыя «Малады фронт» склала спіс «Чорнай сотні» у Беларусі – «груповак і з’яваў «расейскага свету».

«Чорная сотня» – гэтак сто гадоў таму называлі натоўпы расейскай манархічнай чэрні, якая дзеля абароны імперыі праз пагромы і гвалт распраўлялася з іншародцамі ды іншаверцамі. У той час, калі ва Украіне пасля Майдану расейская агрэсія перайшла ў адкрытую ваенную форму, у Беларусі акупацыя ўсё яшчэ працягваецца праз дзейнасць безлічы як афіцыйна зарэгістраваных, так і нелегальных прарасейскіх арганізацыяў», – тлумачыць «Малады фронт».

Арганізацыя складала спіс праз сваіх рэгіянальных актывістаў, суполкі хрысціянскіх дэмакратаў і пры дапамозе інфармацыі ў інтэрнэце, падаюць naviny.by са спасылкай на агенцтва БелаПАН. «Спіс гэты – толькі накід альбо канспект для сурёзнай працы па ячэйках «расейскага свету» ў межах нашай Бацькаўшчыны, таму не судзіце строга», – паведаміла прэс-служба арганізацsb.

Чытайце яшчэ: «Мяккая сіла» жалезнай хваткі. Беларусь у абдымках «Расейскай супрацы»

«Малады фронт» лічыць першараднай задачай беларускага грамадства «супрацьстаяць дзейнасці чарнасоценскіх крамлёўскіх структур, якія займаюцца адкрытай і прыхаванай падрыхтоўкай захопу Беларусі Расеяй». Арганізацыя прапануе «ўсім неабыякавым патрыётам звяртацца ў пракуратуру і іншыя дзяржструктуры Беларусі з патрабаваннем спыніць дзейнасць той ці іншай арганізацыі са спісу «Чорнай сотні».

Спіс «Чорнай сотні» размешчаны на сайце «Маладога фронту». У яго ўключаны, напрыклад, беларускае прадстаўніцтва арганізацыі «Россотрудничество»(Федэральнае агенцтва Расеі па справах СНД, суайчыннікаў, якія пражываюць за мяжой, і па міжнароднай гуманітарнай супрацы), інфармацыйна-аналітычны партал «Империя», вайскова-патрыятычны клуб «Казачий спас», супольнасць «Антимайдан», міжнародны рух «Интернациональная Россия» ды іншыя.

МЯ, паводле naviny.by

Стужка навінаў