Лукашэнка – вайскоўцам: Трэба вучыць таму, што трэба на вайне


«Не кажу, што афіцэры павінныя быць вундэркіндамі, але я сам бегаў, скакаў, падцягваўся і займаўся з жаўнерамі. Таму ведаю, якім павінен быць афіцэр. Зрабіце яго такім», – папрасіў Лукашэнка беларускіх вайскоўцаў.

Кіраўнік Беларусі даручыў удасканаліць сістэму падрыхтоўкі ваенных кадраў у краіне.

У сераду падчас праверкі ўзроўню прафесійна-службовай падрыхтоўкі афіцэрскага складу Узброеных сілаў на 230-м агульнавайсковым Абуз-Лясноўскім палігоне пад Баранавічамі Аляксандр Лукашэнка заявіў, што неабходна ўдасканаліць сістэму падрыхтоўкі беларускіх вайскоўцаў.

«Не стану аспрэчваць, што гэтая сістэма існуе, але тое, што мы яе даўно не страсалі і ня прыстасавалі да сучаснай вайны – гэта факт. Ёсць у нас праблемы і з тэрмінамі навучання, праграмамі і з выкладчыкамі», – цытуе Лукашэнку ягоная прэсавая служба.

«У выкладчыкі трэба браць падрыхтаваных людзей з частак, каб яны маглі вучыць таму, што трэба на вайне», – дадаў Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што падрыхтоўку ваенных кадраў трэба пастаянна прыстасоўваць да сучасных рэаліяў – гэта тычацца не толькі ваенных і ваенізаваных акадэміяў, але і ваенных факультэтаў у грамадзянскіх універсітэтах.

«У дзяржсакратарыяце трэба стварыць групу спецыялістаў і ўсё прааналізаваць, скрэсліць з праграмаў непатрэбнае, зрабіць адэкватнымі тэрміны навучання, паглядзець на завочную форму навучання: ці трэба яна нам. Афіцэры яе крытыкуюць», – сказаў кіраўнік дзяржавы.

Падчас візіту на Абуз-Лесноўскім палігоне Лукашэнка пазнаёміўся з двума новымі верталётамі Мі-8МТВ5-1.

Самае страшнае, на думку Лукашэнкі, – «фармалізм».

«Не паўтарыць бы нам тое, што было ў савецкія часы, – сказаў Лукашэнка. – Я не кажу, што яны павінныя быць у вас вундэркіндамі, але я сам бегаў, скакаў, падцягваўся і займаўся з жаўнерамі. Таму ведаю, якім павінен быць афіцэр. Зрабіце яго такім».

На думку Лукашэнкі, галоўнае – не «падняць верталёт і паказаць агонь», а тое, каб «афіцэр мог навучыць свайго падначаленага».

ДД, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары