Лукашэнка развітаўся з Майраю Морай: «вашая праца – узор паводзінаў амбасадара»


Кіраўніца прадстаўніцтва ЕЗ у Беларусі Майра Мора завяршае сваю місію ў нашай краіне. Аляксандр Лукашэнка заявіў, што высока ацэньвае яе дзейнасць.

Кіраўнік Беларусі адзначыў унёсак кіраўніка прадстаўніцтва ў развіццё адносін паміж Беларуссю і ЕЗ і падкрэсліў, што яна гэта рабіла шчыра. «Мы ведаем, што вы рабілі вельмі шмат шчыра, а што не маглі зрабіць, маўчалі, і мы разумелі гэтае маўчанне», – сказаў Лукашэнка.

Ён таксама адзначыў, што сустракаецца далёка не з усімі пасламі, якія завяршаюць сваю дыпламатычную місію, і факт цяперашняй сустрэчы гаворыць сам за сябе. «Гэта прызнанне нашай краіны перад чалавекам, які прысвяціў сябе таму, каб палепшыць адносіны, а не разарваць, не пагоршыць, як гэта часам бывае», – сказаў Лукашэнка.

Майра Мора сапраўды не была вострым крытыкам Аляксандра Лукашэнкі, нягледзячы на тое, што кіраўнік Беларусі з’яўляецца персонаю нон-грата ў ЕЗ. Больш за тое, увосень 2014 году Майра Мора заклікала беларусаў падтрымліваць дзейнага кіраўніка. «Беларусы, вы мірныя людзі, рабіце ўсё, падтрымлівайце вашага прэзідэнта, каб у суседняй вашай краіне не было вайны больш», – заявіла Мора ў эфіры АНТ падчас публіцыстычнай праграмы, прысвечанай вайне ва Украіне.

Перад ад’ездам з Беларусі Мора адзначыла, што пакідае краіну на хвалі паляпшэння адносін з Еўразвязам. «Зычу, каб адносіны такімі заставаліся і надалей, таму што мы суседзі і павінны жыць у міры і згодзе», – сказала яна.

Новым кіраўніком прадстаўніцтва ЕЗ у Беларусі стане нямецкі дыпламат Андрэа Віктарын.

МЛ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары