Лукашэнка прапаноўвае скараціць сілавікоў?


Кіраўнік Беларусі вырашыў аптымізаваць працу сілавых структураў. Пра гэта 10 лістапада кіраўнік Беларусі заявіў падчас нарады ў пытаннях развіцця дзяржаўных органаў сістэмы нацыянальнай бяспекі, паведамляе агенцтва belta.by.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што сёння наспела неабходнасць комплексна паглядзець на сістэму нацыянальнай бяспекі. У прыватнасці, гаворка ідзе пра тое, наколькі эфектыўна яна зможа процідзеяць сённяшнім выклікам, і наколькі сілавікі гатовыя да розных варыянтаў развіцця сітуацыі ў свеце.

«Для гэтага кожнаму ведамству неабходна не толькі эфектыўна вырашаць задачы, але і мець глыбока прадуманую стратэгію сваёй дзейнасці», – сказаў Лукашэнка.

Паводле Аляксандра Лукашэнкі, у першую чаргу кіраўнікі павінны бачыць галоўныя кірункі развіцця свайго ведамства на бліжэйшую і доўгатэрміновую перспектыву.

Кіраўнік дзяржавы таксама звярнуў увагу на такі аспект, як аптымізацыя сілаў і сродкаў, якія ўдзельнічаюць у забеспячэнні дзейнасці сілавых структураў.

«Мы не такія багатыя, каб утрымліваць лішнюю колькасць сілавых структураў. У той жа час і спрашчэнствам займацца нельга. У адваротным выпадку можна даскарачацца да таго, што ў нас сістэма будзе, але яна акажацца непрацаздольная», – перасцярог Аляксандр Лукашэнка.

Звяртаючыся да ўдзельнікаў нарады, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што яму хацелася б, каб кожны паглядзеў на сваё ведамства свежым поглядам. «Трэба пазбавіцца ад лішніх, часам надуманых функцыяў, у тым ліку кантрольных, выключыць непатрэбнае дубляванне працы ведамстваў», – зазначыў кіраўнік Беларусі.

Лукашэнка лічыць недапушчальным, «калі кантралёры ходзяць па прадпрыемствах адзін за адным замест аказання рэальнай дапамогі эканоміцы».

«Праверкі ажыццяўляць трэба выключна тады, калі на руках аб’ектыўны аператыўны матэрыял. На гэта я буду звяртаць асаблівую ўвагу. І крый божа, калі вы зоймецеся нейкім прадпрыемствам і пойдзеце адтуль з пустымі рукамі», – прыгразіў Лукашэнка.

ЮВ, belsat.eu, паводле belta.by

Глядзі таксама
Каментары