Лукашэнка: Мы мусім захаваць мір у нашай краіне, няважна, з якім прэзідэнтам


«Калі мы не зарыентуемся і дзесьці падставімся, то з намі разбяруцца яшчэ хутчэй, чым з Украінай. А захавацца мы можам, толькі калі мы разам і калі мы забяспечым унутраную стабільнасць», – заявіў кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка падчас візіту на Менскі завод колавых цягачоў 14 жніўня.

Лукашэнка, словы якога прыводзіць ягоная прэс-служба, падкрэсліў, што ў цяперашні складаны час, калі ідзе перадзел свету і барацьба за сусветны ўплыў, галоўная задача – абараніць і захаваць краіну. «Як бы нам ні было цяжка, мы мусім захаваць мір у нашай краіне, няважна, з якім прэзідэнтам. Трэба каб былі мір і стабільнасць», – сказаў беларускі кіраўнік.

«Я адзінае, не жадаў бы, каб мы жылі на чужой зямлі, – цытуе словы кіраўніка Беларусі БелаПАН. – Я жадаў бы, каб мы ніколі не хадзілі больш у лапцях і каб нас плёткай не сцягалі, як гэта заўсёды было ў нашай гісторыі».

Лукашэнка не лічыць цяпер галоўным жаданне народа зарплаты пабольш і працы паменш. Паводле ягоных слоў, цяпер пачаўся жорсткі перадзел свету, і калі раней свет дзялілі проста, то сёння ўсё значна складаней. «Увесь свет сёння, напрыклад, аб’яднаўся ў барацьбе з «Ісламскай дзяржавай». Усе ваююць супраць яе, – адзначыў афіцыйны лідар. – Але ніхто не падумаў аб тым, а як жа гэтая «Ісламская дзяржава», дзе сабралі людзей з усяго свету, супрацьстаіць такім магутным дзяржавам, якія нібыта супраць яе ваююць?»

«І ломяць цэлыя дзяржавы. Заходняя кааліцыя на чале з Амерыкай не можа з імі справіцца. А чаму? А таму што з гэтай кааліцыі гэтую «Ісламскую дзяржаву» хтосьці фінансуе, яна камусьці выгадная, здагадайцеся самі з трох разоў, каму гэта выгадна. Каб змяніць архітэктуру свету. Каб падзяліць багатыя вуглевадародам землі, а дакладней забраць сабе. Але не сваймі рукамі. А рукамі вось гэтых бедачынаў, якім у галаву ўбілі нейкія ідэі і яны ідуць, паміраюць, ваююць за нейкія грошы і сродкі», – сказаў Лукашэнка.

«Усё значна складаней, – падкрэсліў ён. – Ідзе перадзел свету. І зарплата – гэта вельмі важна. Але перада мной як прэзідэнтам стаіць задача абараніць краіну. Вось у гэтым бурным моры не наш карабель, а нашу лодку захаваць, каб яе не ўтапілі і яна не пайшла на дно».

«Мы вельмі проста разглядаем сітуацыю ва Украіне: нацыяналісты, фашысты, карупцыя і іншае. Гэта на паверхні, – прадоўжыў Лукашэнка. – Але ўспыхнула ж Украіна не толькі па ўнутраных прычынах. Так, яна была зручная, каб перавярнуць усё. Але за гэтай бойкай па адзін і па другі бакі стаяць моцныя свету гэтага. І вось як нам знайсці тое месца, каб уберагчы гэты лапік зямлі, можа, ужо не для сябе, а для нашых дзяцей – вось што сёння галоўнае».

МЯ, паводле БелаПАН

Стужка навінаў