Лукашэнка – каталіцкім іерархам: «Беларусь не проста геаграфічны цэнтр Еўропы. Гэта наканавана Госпадам»


фота president.gov.by

Аляксандр Лукашэнка 28 верасня сустрэўся з удзельнікамі пленарнага пасяджэння Рады біскупскіх канферэнцый Еўропы, перадае БелТА.

Паводле слоў кіраўніка краіны, прыезд у Менск высокага каталіцкага духавенства значыць прызнанне беларускай палітыкі міру і згоды.

«Сёння Беларусь не проста геаграфічны цэнтр Еўропы. Гэта наканавана Госпадам. Мы на працягу многіх стагоддзяў зʼяўляемся той краінай, дзе гарманічна суседнічаюць розныя рэлігіі. Іх узаемадзеянне шмат у чым паўплывала на фарміраванне беларускай нацыі, яе культурнае і духоўнае развіццё», – заявіў Лукашэнка.

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што правядзенне пасяджэння Рады біскупскіх канферэнцый Еўропы ў Беларусі менавіта ў гэты перыяд шмат у чым сімвалічна. У гэтым годзе адзначаецца 500-годдзе выдання беларускім асветнікам і гуманістам Францыскам Скарынам першай друкаванай кнігі на старабеларускай мове, якой стаў Псалтыр.

Акрамя таго, Лукашэнка ў чарговы раз папанаваў сустрэцца ў Менску папе Рымскаму і патрыярху Кірылу.

«Тут было заўважана пра выніковасць сустрэчы папы Рымскага і патрыярха Кірыла. Недзе там, далёка на Кубе. Думаю, трэба падумаць, каб яны сустрэліся тут, у Менску. Гэта якраз сёння тое месца, дзе можна абмяркоўваць праблемы і Захаду і Усходу, Поўначы і Поўдня, і ўсёй планеты, — цытуе БелТА Лукашэнку.

Ён таксама выказаў упэўненасць, што падчас знаходжання ў Беларусі прадстаўнікі духавенства ўбачаць, як сардэчныя і адкрыты беларусы, адчуюць, якая гасцінная беларуская зямля.

«Мы не дзелім людзей па нацыянальнасці і веравызнанні. Кожны вольны сам выбіраць свой шлях да храма. Гэта закон нашага грамадства. Мы стараемся праз сяброўства, паразуменне і цярпенне распазнаваць веліч і прыгажосць. Гэта тое, да чаго сёння заклікае не толькі яго Святасць Папа Рымскі, якога я бязмерна паважаю, але і духоўныя лідары практычна ўсіх сусветных канфесій», – рэзюмаваў Лукашэнка.

КА,  belsat.eu

 

Глядзі таксама
Каментары