Лукашэнка: Хутчэй за ўсё, выбары адбудуцца 11 кастрычніка


Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу 30 чэрвеня на заключным пасяджэнні сёмай сесіі парламенту разгледзяць пытанне аб прызначэнні даты прэзідэнцкіх выбараў.

Пра гэта кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў падчас нарады па актуальных унутрыпалітычных пытаннях, перадае БелТА.

Лукашэнка нагадаў, што Цэнтрвыбаркам прапануе правесці выбары 11 кастрычніка 2015 года. «Мяркую, што дэпутаты ў дадзеным выпадку падтрымаюць прапанову ЦВК, і, хутчэй за ўсё, выбары адбудуцца 11 кастрычніка», – адзначыў лідар Беларусі.

На заўвагі з нагоды таго, што выбары пройдуць на месяц раней, Лукашэнка сказаў: «Што значыць раней? Толькі парламент мае права вызначыць дату. Наколькі я разумею, ніколі парламент нават не заяўляў пра дату. ЦВК называў крайні тэрмін правядзення прэзідэнцкіх выбараў», – адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Цэнтральная выбарчая камісія Беларусі ў чэрвені прапанавала правесці выбары прэзідэнта 11 кастрычніка, хоць яшчэ ў траўні старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына заяўляла, што найбольш аптымальнай датай выбараў прэзідэнта краіны з’яўляецца 15 лістапада.

МЯ, паводле belta.by

Стужка навінаў