Літва прымае на лячэнне ўкраінскіх жаўнераў


«Ва Украіне сітуацыя вельмі складаная, у шпіталі дастаўляюць шмат параненых, больніцы перагружаныя, таму краіны Еўразвязу прымаюць у сябе байцоў для правядзення апошняга этапу лекавання», – цытуе рэсурс Delfi.ru вайсковага доктара палкоўніка-лейтэнанта Гінтараса Беркявічуса.

У ноч з суботы на нядзелю ў Вільню вайсковым самалётам даставілі 14 байцоў, якія атрымалі раненні ў зоне АТА. Сярод іх – адна жанчына-медык.

Паводле дактароў, усе жаўнеры, якія прыляцелі на лячэнне, маюць шматлікія раненні. «У асноўным гэта агнявыя раненні, ад аскепкаў, апёкі», – паведаміў спадар Беркявічус. Параненых лекуюць у звычайных цывільных шпіталях. Колькі часу яны правядуць у Літве, залежыць ад таго, наколькі хутка будуць вяртацца да здароўя. Грошы на лячэнне выдаткаваныя з урадавага рэзервовага фонду Літвы.

Літва, Польшча ды іншыя еўрапейскія краіны прымалі на лекаванне ўкраінцаў яшчэ з часоў кровапраліцця на Майдане – шмат каму тады была патрэбная не толькі медычная дапамога, але і магчымасць лячыцца, не апасаючыся пераследу з палітычных матываў.

МЛ, паводле delfi.ru

Стужка навінаў