Літоўскія «зялёныя» хочуць абмежаваць дзейнасць БелАЭС


На парламенцкіх выбарах Звяз зялёных і сялянаў заняў першае месца.

Другі ды апошні тур парламенцкіх выбараў у Літве канчаткова замацаваў паразу сацыял-дэмакратаў. Пасля серыі карупцыйных скандалаў партыя Альгердаса Буткавічуса перастала быць кіроўнай.

«Найперш урад мусіць абнавіцца. Гэтыя людзі ды іх каштоўнасці, якія яны маюць апошнія 20–30 гадоў, больш непрымальныя. Мы галасуем за моладзь, такіх, як мы, – лічаць жыхары Вільні. – Спадзяюся, новы Сейм прыме добрыя законы і добрыя пастановы на карысць народу».

Пасля падліку галасоў пераможцай быў аб’яўлены літоўскі Звяз зялёных і сялянаў. Яны будуць мець больш за траціну месцаў у Сейме, і цяпер пастанаўляюць, з кім ствараць кааліцыю ды ці ствараць увогуле. «Зялёныя» не выключаюць супрацы з кансерватарамі – хрысціянскімі дэмакратамі са Звязу Бацькаўшчыны, або сацыял-дэмакратамі, што цяпер на трэцім месцы паводле колькасці дэпутатаў. На пасаду прэм’ер-міністра Літвы Звяз зялёных і сялянаў прапаноўвае Саўлюса Сквярняліса, былога міністра ўнутраных справаў.

«Палітычныя партыі, якія выказвалі ды выказваюць жаданне зладзіць змены ў Літве, асабліва калі мы сутыкаемся з дэмаграфічнымі праблемамі і беднасцю, то, калі гэта не проста заявы, відавочна, ёсць магчымасць пагадзіцца ды працаваць разам», – кандыдат Саўлюс Скварняліс, кандыдат на прэм’ер-міністра.

Звяз зялёных і сялянаў – даволі маладая літоўская партыя, якая ўжо мае прадстаўніка ў Еўрапейскім парламенце. «Зялёныя» маюць прынцыпова адмоўную пазіцыю адносна Беларускай АЭС, якую будуць усяго за 50 кіламетраў ад Вільні. Трывогі літоўцаў небеспадстаўныя. Будаўніцтва атамнай электрастанцыі спачатку азмрочылася разбурэннямі канструкцыяў праз няякасны бетон. А потым расейская кампанія-субпадрадчык падчас выгрузкі выпадкова скінула на зямлю корпус рэактара.

«Нам трэба падумаць, якімі эканамічнымі захадамі абмежаваць набыццё электраэнергіі з Астравецкай атамнай станцыі ды як пазней тэхнічна абмежаваць дзейнасць гэтай АЭС, бо яна ўяўляе вельмі сурёзную пагрозу Літве», – заяўляе кіраўніку Звязу зялёных і сялянаў Рамунас Карбаўскіс.

Зрэшты, іншыя партыі ў літоўскім Сейме таксама выступаюць супраць паставак «атамнай электрычнасці» з Беларусі. Таксама Літва, разам з Латвіяй і Эстоніяй, перайшла на еўрапейскі стандарт паралельнай працы энергасістэмаў, адрозны ад беларускага і расейскага.

Яраслаў Сцешык

Глядзі таксама
Каментары