Лібералізацыя па-беларуску: хваля рэпрэсіяў за падтрымку Украіны

video

https://www.youtube.com/watch?v=POhdoCQk2Ws

Познім вечарам да пастара і грамадскага актывіста Уладзіміра Качагура з Гомля пагрукаліся міліцыянты. Як выявілася, прычынаю візіту стаў нібыта не сплачаны два гады таму штраф. Абураны актывіст заявіў, што даўно разлічыўся з дзяржаваю. У адказ пачуў…

«Мы мусім паставіць вас на прафілактычны ўлік. Вы выпалі з поля зроку праваахоўных органаў і нам сказалі вас увесці ў гэтае поле», – распавядае Уладзімір Качагур, пастар.

За што Уладзімір Качагур можа трапіць на міліцэйскі ўлік?

«Прыход міліцыі я звязваю з тым, што я быў валанцёрам на Данбасе. Я дапамагаў украінскім вайскоўцам. Мне даводзілася вазіць медыкаменты, у якасці пастара я маліўся за байцоў, я маліўся за тых, што загінулі», – дадае Уладзімір Качагур.

У выпадковасці справы сумнявацца не даводзіцца. Візіты міліцыі да праўкраінскіх актывістаў працягнуліся ў Менску. Гэтым разам у поле зацікаўленасці праваахоўнікаў трапіў сябра незарэгістраванай у Беларусі арганізацыі «Малады Фронт» Зміцер Дашкевіч. Напачатку года суполка збірала грашовыя сродкі для беларускіх добраахвотнікаў на Данбасе, якія змагаюцца з боку Украіны. Цяпер да Дашкевіча завітаў участковы.

«Задаваў шмат пытанняў. У тым ліку яго цікавіла калі адбудзецца наступнае мерапрыемства, што яшчэ чакаецца. Я адмовіўся даваць паказанні», – зазначае Зміцер Дашкевіч, «Малады Фронт».

Адначасова ў кватэры бацькоў яшчэ аднаго сябра «Маладога Фронту» і былога палітзняволенага Эдуарда Лобава правялі ператрус. У выніку былі сканфіскаваныя кнігі і камп’ютарная тэхніка. У ліпені стала вядома, што актывіст далучыўся да добраахвотнікаў батальёну «Правы сектар» на Данбасе.

На гэтым справа не вычарпалася. У Віцебску КДБ затрымала сябра «Маладой Беларусі» Аляксандра Галаваня. Уласна актывіст сёння заставаўся недасяжны. У арганізацыі паведамілі…

«Яго даставілі ва ўпраўленне КДБ па віцебскай вобласці. Асноўнае пытанне было пра фінансавую дапамогу батальёну »Азоў«, тое, што ён збіраў грошы. Пыталіся якія кантакты ён мае з батальёнам, пра беларускіх азоўцаў», – інфармуе Артур Фінькевіч, «Маладая Беларусь».

Пасля допыту актывіста вызвалілі. Чаму менавіта цяпер актывізаваўся ціск? Назіральнікі звязваюць сітуацыю з вылучэннем днямі новага крэдыту для Беларусі ад Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця, які кантралюецца Расеяй.

«Хутчэй за ўсё трэба падтрымаць Расею ў гэтым плане: не павінны беларусы ваяваць на Украіне. Я лічу, што гэта палітычны сігнал, бо маглі ўжо раней затрымліваць, заводзіць крымінальныя справы. Але апошнія два дні мы заўважылі такую актыўнасць. Я толькі з гэтым звязваю», – мяркуе праваабаронца і былы следчы Алег Волчак.

А ў Беларусі абяцаюць пачаць сапраўдную вайну супраць усіх добраахвотнікаў, якія паехалі на Данбас. Для гэтага МУС плануе стварыць адмысловы аддзел. Колькі дакладна беларусаў паехала ваяваць ва Украіну супраць прарасейскіх баевікоў – дакладна не вядома. Паводле праваабаронцаў, пакуль менавіта імі пераважна і цікавяцца праваахоўныя органы.

А павінны займацца і тымі, што ваююць на баку ДНР. Пакуль гульня ў адныя вароты супраць патрыятычных хлопцаў

На некаторых ужо заведзеныя крымінальныя справы.

Ян Бабіцкі, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары