Лета на «Белсаце»


У летні сезон з панядзелка да пятніцы запрашаем вас на чатыры сталыя праграмныя блокі.

Найлепшыя беларускія дакументальныя фільмы «Белсату» – а 19:25.

«Белсат» з пачатку сваёй працы зрабіў больш як 120 дакументальных фільмаў пра жыццё сучаснай Беларусі ды яе часта невядомую, гадамі перайначаную і замоўчаную гісторыю. 2 чэрвеня глядзіце фільм «Лебядовыя гады», прысвечаны хвалі штучна выкліканага голаду ў Беларускай ССР у 30-х гадах ХХ стагоддзя.

Блок інфармацыі: навіны, спорт, надвор’е, культура, агляд прэсы і праграма «Dэвайс», прысвечаная тэхнічным навінкам, – з панядзелка да пятніцы а 20:00. Час трансляцыі праграмы «Аб’ектыў», якая заканчвае інфармацыйны блок, не зменіцца. Як і раней, пачатак – а 21:00. Папулярныя вядоўцы «Студыі «Белсат» вернуцца да працы ў наўпроставым эфіры ў пачатку верасня пасля летнега раскладу.

Выбар найлепшых праграмаў «Белсату» а 21:25

Адразу пасля «Аб’ектыву» вы зможаце паглядзець самыя цікавыя эпізоды праграмаў «Белсату», выпушчаныя ў папярэдніх сезонах.

Замежныя дакументальныя фільмы штодня з панядзелка да пятніцы а 21:50

Сёння вы можаце паглядзець фільм з серыі «Я люблю дэмакратыю», прысвечаны ўкладу і бурнай палітыцы сённяшняй Грэцыі.

Штонядзелю а 20:45 запрашаем вас на новы аўтарскі цыкл гарадзенскага гісторыка Аляксандра Краўцэвіча пад назваю «Загадкі беларускай гісторыі». Аўтар забярэ нас у падарожжа па мінулым, каб адкрыць невядомыя карты беларускай гісторыі, як старой, гэтак і новай. У першым эпізодзе мы перанясемся ў Берасце XIII стагоддзя, парэшткі якога знайшлі археолагі ў Берасцейскай крэпасці.

Лета на «Белсаце» – гэта таксама адмысловы вакацыйны цыкл. Штонядзелю – рэпарцёрская праграма «Побач з намі»; інтэрвю з вядомымі каментатарамі ды ўдзельнікамі палітычнага жыцця ў Беларусі – у «Размове эксперта»; краязнаўчыя «Вандроўкі па Гарадзеншчыне».

З сярэдзіны ліпеня пачнецца новы сезон праграмы «Аўтаспынам па Беларусі» – падарожжы ў цікавыя месцы і сустрэчы з незвычайнымі людзьмі ў кампаніі Аўгініі Манцэвіч.

Стужка навінаў