Ленд-ліз - Спасіба дзеду...і ЗША за пабеду!


Савецкія прапагандысты і іхныя спадкаемцы ў Беларусі і краінах СНД дагэтуль згадваюць пра тое, што «ачарняльнікі гісторыі» перабольшваюць ролю заходніх хаўруснікаў у перамозе над нацысцкай Нямеччынай. Больш за ўсё дастаецца ленд-лізу – амерыканцы і брытанцы быццам бы «мала прысылалі», і «дрэннай якасці», і «самі б яшчэ мусілі нам даплаціць, бо самі сядзелі ў тыле і марудзілі з другім фронтам», дый увогуле «перамаглі б і без іх».

«Ці зацікаўлены савецкі ўрад?»

Ішоў другі год Сусветнай вайны. З лета 1940 года Вялікая Брытанія фактычна адна ваявала супраць Нямеччыны і Італіі і ўжо нанесла першую стратэгічную паразу праціўніку ў Еўропе – адбіла масіраваны авіяцыйны наступ нямецкай авіяцыі, які меў на мэце прымусіць Брытанію да міру ці падрыхтаваць глебу для нямецкага кідка праз Ла-Манш.

У той ж час Гітлер і Сталін абменьваліся віншавальнымі тэлеграмамі, а СССР адкрыта гандляваў з Нямеччынай у абыход блакады, якую абвесціла Вялікая Брытанія.

Вясной 1941 года амбасадар Вялікай Брытаніі ў Маскве Рычард Крыпс накіраваў намесніку Наркамата замежных справаў СССР Андрэю Вышынскаму наступны тэкст: «Урад Вялікай Брытаніі ўсё яшчэ вымушаны разглядаць Савецкі Саюз у якасці галоўнай крыніцы забеспячэння Нямеччыны… У сувязі з гэтым у мяне ёсць жаданне спытаць, ці зацікаўлены зараз Савецкі ўрад у як мага хутчэйшым паляпшэнні сваіх палітычных і эканамічных адносінаў з брытанскім урадам, альбо, наадварот, Савецкі ўрад задаволены тым, што гэтыя адносіны захаваюць свой сучасны, адмоўны характар да канца вайны?»

Савецкі дыпламат, які раней «праславіўся» удзелам у сталінскіх палітычных працэсах у якасці пракурора, адказаў адназначна: «Адносна недатыкальнасці і бяспекі СССР я адказаў Крыпсу, што пра гэта будзе турбавацца сам СССР, без дапамогі дарадчыкаў… Я адхіліў спробы Крыпса аспрэчваць наша права гандляваць з Нямеччынай і з любой іншай краінай, заявіў, што гэта наша справа і толькі наша».

Сталін вельмі просіць

Праз лічаныя тыдні Нямеччына атакавала СССР, і пагардлівае стаўленне Масквы да заходніх краінаў змянілася асабістымі просьбамі самога Сталіна пра як мага больш вялікую і хуткую дапамогу. Пачала будавацца сістэма брытанскіх, канадскіх і амерыканскіх паставак для Чырвонай Арміі, якая атрымала традыцыйную назву «ленд-ліз».

На самой справе, ленд-ліз (ад ангельскага lend – пазычаць і lease – даваць у арэнду) быў менавіта амерыканскай праграмай дапамогі хаўруснікам, аднак, хоць СССР дапамагалі і Брытанія, і Канада, усе заходнія пастаўкі для СССР падчас вайны сталі называць менавіта так.

Чым жа была заходняя дапамога для Чырвонай Арміі ў 1941-1945 гадах?

Савецкія гісторыкі не сталі рабіць асаблівых падлікаў, і аўтаматычна прынялі на веру лічбу ад экс-кіраўніка Дзяржплану СССР Вазнясенскага – «вага гэтых паставак у адносінах да айчыннай вытворчасці ў перыяд ваеннай эканомікі складае толькі каля 4%». Вазнясенскі, канешне, таксама не ўдакладніў, як жа ён падлічыў гэтыя «4 адсоткі». Аднак па меры рассакрэчвання дакументаў савецкага дзяржаўнага кіраўніцтва часоў вайны з’явіліся іншыя лічбы – куды больш падрабязныя і асэнсаваныя.

Кроў і паветра любой вайны 20 стагоддзя – транспарт, бензін і порах. Аніводная армія, што зараз, што 80 год таму не можа ваяваць без паліва, без снарадаў з патронамі і камунікацый. Усё гэта ў значнай ступені забяспечвалі амерыканскія пастаўкі.

На фронце і ў тыле

Галоўнымі транспартнымі сродкамі Чырвонай Арміі былі аўтамабілі. На 22 чэрвеня 1941 года ў ЧА было каля 270.000 аўтамашынаў. Да 9 траўня 1945 года савецкія ўзброеныя сілы атрымалі каля 450.000 машынаў, прычым з іх 63% – замежныя, у асноўным амерыканскія. Пры гэтым некаторыя класы тэхнікі прамысловасць СССР проста не вырабляла – найперш поўнапрыводныя падвышанай праходнасці.

«Амаль уся наша артылерыя была з амерыканскай цягай. Неяк, ужо пасля смерці Сталіна, я прапанаваў: »Давайце ўсе машыны, якія мы робім, дамо нашым вайскоўцам, таму што проста непрыстойна глядзець: ідзе парад, а цягачы – амерыканскія«. Амаль уся наша вайсковая тэхніка, якая стаяла ў ГДР, таксама была на амерыканскіх »Студэбекерах«. Гэта для нас ганьба», – згадваў у ўспамінах Н.С.Хрушчоў, кіраўнік СССР, праз восем гадоў пасля заканчэння вайны.

Надзейная і магутная замежная аўтатэхніка была любімай у савецкіх жаўнераў незалежна ад таго, якія задачы яна выконвала – падвозіла пяхоты, транспартавала боепрыпасы ці эвакуявала параненых.

«Уся наша армія фактычна аказалася на колах і на якіх колах! У выніку палепшылася яе манеўранасць і заўважна выраслі тэмпы наступу», – адзначаў А.І.Мікаян, які падчас вайны кіраваў камітэтам па харчовым і рэчавым забеспячэнні Чырвонай Арміі.

[vc_single_image image=”2″ img_size=”large”]

На чым ляталі савецкія асы?

Самага якаснага высокаактанавага бензіну патрабавала авіяцыя. Менавіта тут найбольш жорсткія патрабаванні да хуткасці і пры гэтым да вагі машыны – ніяк немагчыма без зніжэння эфектыўнасці знішчальніка навесіць на яго дадатковыя бакі з палівам. Таму кожны літр бензіну мусіць быць як мага больш чыстым і каларыйным.

У 1941-1945 гадах СССР вырабляў у сярэднім па 1,1 млн тон авіябензіну кожны год – усяго каля 5,4 млн тонаў. Практычна цалкам гэтая колькасць ішла савецкай баявой авіяцыі. У той ж час з Вялікай Брытаніі, Канады і ЗША за той ж час СССР атрымаў 1,1 млн тонаў авіябензіну і каля 1,5 млн бензінавых светлых фракцый.

[vc_single_image image=”4″ img_size=”large”]

Аднак гэта не значыць, што кожны трэці баявы вылет савецкіх самалётаў быў зроблены на бензіне, атрыманым ад саюзнікаў, бо заходнія нафтапрадукты выкарыстоўваліся амаль выключна для змешвання іх з савецкім палівам, куды менш якасным. Заходняе паліва было ўключанае ў вытворчасць савецкага авіябензіну – таму прыкладна палова таго паліва, якім карысталіся савецкія лётчыкі, паходзіла з ЗША, Брытаніі і Канады.

Як бы авявалася чырвонаармейцам, каб савецкая авіяцыя збівала нямецкія бамбавальнікі, лятала на выведку і на бамбёжкі пазіцыяў праціўніка ў два разы радзей?

[vc_single_image image=”6″ img_size=”large”]

Кожны трэці снарад

У 1941 годзе з-за імклівага наступу нямецкіх войскаў часова ці назаўсёды перасталі працаваць 85% усіх парахавых, патронных і снарадных заводаў СССР. Гэтую лічбу апублікавалі яшчэ савецкія гісторыкі. У выніку даволі хутка савецкая артылерыя пачала адчуваць «снарадны голад» – пушкі, мінамёты, гаўбіцы не маглі страляць столькі, колькі трэба было для выканання баявых задач. Паўтаралася сітуацыя 1915 года, якая склалася на фронце Першай сусветнай вайны для царскай расейскай арміі – прыходзілася адказваць на некалькі нямецкіх стрэлаў адным сваім.

[vc_single_image image=”8″ img_size=”large”]

І ў дадзеным выпадку даволі аператыўна на дапамогу СССР прыйшлі заходнія хаўруснікі. З 1942 па пачатак 1945 году ЗША, Канада, Вялікая Брытанія далі СССР 123.350 тонаў пораху. Па падліках расейскага даследчыка Расціслава Марчанкі, гэтага цалкам б хапіла, каб забяспечыць дывізійную артылерыю Чырвонай Арміі калібраў 76 і 122 міліметры, якая найбольш актыўна страляла.

У цэлым вытворчасць выбуховых рэчываў у СССР з 1941 па 1945 год склала каля 600.000 тонаў, а хаўруснікі даставілі Саветам яшчэ прыкладна 317.000 тонаў. Больш за тое, Захад забяспечыў Чырвоную Армію яшчэ і рознай сыравінай для вытворчасці пораху – каля 150.000 тонаў. Прычым некаторыя важнейшыя складнікі – эцілавы спірт, гліцэрын, цэнтраліт, якія былі атрыманыя з Захаду – забяспечвалі ў розныя гады ад 40 да 100 адсоткаў савецкай патрэбы.

Пад канец вайны, дзякуючы менавіта замежнай дапамозе, савецкая артылерыя магла сотнямі тысячаў і мільёнамі снарадаў літаральна пераўтвараць у пустыні цэлыя квадратныя кіламетры нямецкага фронту.

За што павінны быць удзячныя беларусы?

Пералік і аналіз усяго таго, што СССР атрымаў ад хаўруснікаў можна працягваць вельмі доўга – зенітныя гарматы, стралковую зброю, танкі, бронетранспарцёры (якіх СССР зусім ня меў і не вырабляў), знішчальнікі і бамбавальнікі, лакаматывы і вагоны, чыгуначныя рэйкі, сотні тысячаў тонаў алюмінію, медзі, і сталі, дзясяткі тысячаў тонаў цынку і волава, унікальныя для СССР станкі, баявыя караблі, радыёстанцыі і тэлефоны, нарэшце, жыта, мяса, масла.

[vc_single_image image=”10″ img_size=”large”]

Па многіх пазіцыях, як ужо бачна з узгаданых прыкладаў, гэтыя пастаўкі гралі важную, а па некаторых – вырашальную ролю ў забяспечванні здольнасці СССР весці вайну. Аднак, мяркую, нам, беларусам, не важная сама па сабе здольнасць СССР ваяваць больш ці менш эфектыўна. Зрэшты, гэта была чужая дзяржава, толькі знікненне якой у 1991 годзе дало нашай Беларусі незалежнасць.

Таму для ацэнкі ленд-лізу з нашай, беларускай перспектывы адзначу, што большасць беларусаў патрапілі ў савецкую армію пасля мабілізацыі ў 1944-1945 гадах, калі Беларусь зноў патрапіла пад кантроль СССР. І менавіта гэтыя гады – час максімальнай забяспечанасці Чырвонай Арміі ленд-лізаўскай тэхнікай, боепрыпасамі і рыштункам.

Таму варта падзякаваць ЗША, Вялікай Брытаніі і Канадзе за тое, што ў 1944-45 гадах, калі асноўную масу беларускіх нядаўна мабілізаваных хлопцаў пагналі атакаваць нямецкія пазіцыі, кожны другі-трэці снарад, які пракладваў нашым дзядам і прадзедам дарогу, быў наладаваны амерыканскім, брытанскім і канадскім порахам.

Немагчыма нават падлічыць, колькі беларускіх жыццяў былі б страчаныя, каб штурмаваць фарты Кёнігсбергу і ўмацаванні Зеелаўскіх вышыняў прыйшлося без такой магутнай артылерыйскай падтрымкі.

Хаця, канешне, не факт, што без гэтай замежнай дапамогі ў 1941, 1942 і 1943 гадах Чырвоная Армія ўвогуле падышла б да межаў Беларусі…

Аляксандр Гелагаеў, Belsat.eu

Стужка навінаў