Лэдзі Гага выпускае «самы адчайны альбом»


Папулярны прадзюсар Марк Ронсан зарганізаваў спаборніцтва сярод меламанаў, дзе прыз – правесці ноч у студыі Эбі Рoўд. Проста на ложку. А яшчэ ён распавядае пра сваю супрацу з Лэдзі Гагай.

«Тут гралі славутыя Бітлы, тут працавалі Эла Фіцджэральд і Дэйвід Гілмар… У студыі своеасаблівае асяроддзе, дзе народжваюцца асаблівыя пачуцці. Таму я люблю студыю Эбі Рoўд. Там атрымоўваецца найлепшы прадукт», – кажа Марк Ронсан.

Лэдзі Гага свой новы альбом назвала «Джаана». «Гэта імя сястрыцы майго бацькі, якая памерла ў 19. Таксама гэта маё сярэдняе імя, – прызнаецца спявачка. – …Я хацела размаўляць у сваіх новых песнях пра жыццё. Без эпатажу, без гламуру, шчыра і адкрыта. Без варʼяцкага ўбрання».

Марк Ронсан не хавае сваіх эмоцый: «Мяркую, што Гага ў новых запісах не ўвасабляе нічога апроч сябе. Чыстыя эмоцыі, адкрыты голас, шчырыя пачуцці… Сапраўднае адзенне ў кліпах, як у жыцці. Мяркую, што атрымаўся самы адчайны альбом у карʼеры спявачкі. Яна мяне зачаравала».

Ці зачаруе альбом Лэдзі Гагі слухачоў – пра гэта мы даведаемся ўжо пасля 21 кастрычніка.

Сяргей Філімонаў, belsat.eu

Стужка навінаў