Лаўроў загаварыў пра «перазагрузку 2.0»


«У нас няма ніякага жадання працягваць гэтую вайну санкцыяў, абмен ударамі», – сказаў міністр замежных справаў Расеі.

Міралюбівы Лаўроў і міратворца Пуцін?

Першая «перазагрузка» у стасунках паміж ЗША і Расеяй ініцыявала адміністрацыя Барака Оўбамы ў 2009 годзе. Падчас кіравання Джорджа Буша-малодшага стасункі на лініі Масква-Вашынгтон былі напружаныя. «Перазагрузка» дазволіла наладзіць эканамічную супрацу ды ўзаемадзеянне Расеі і ЗША на міжнароднай арэне. Аднак напад Расеі на Украіну ды ціск Крамля на дэмакратычную апазіцыю ізноў прывялі да канфлікту.

Аднак заяву Сяргея Лаўрова аб «перазагрузцы 2.0» цяжка назваць міралюбіваю: дыпламат запэўнівае, што Расея зацікаўленая ў тым, каб стасункі наладзіліся. «Але не мы іх знішчылі, – падкрэсліў ён. – перадусім важна, каб нашыя партнёры зразумелі бесперспектыўнасць ультыматумаў і пагрозаў».

Лаўроў таксама заявіў, што «дзякуючы ініцыятывам прэзідэнта Расеі», сітуацыя ва Украіне паляпшаецца, дзе спыненне агню дзейнічае ўжо цягам некалькіх тыдняў.

Абмен ударамі

У верасні Еўразвяз і ЗША ў сувязі з расейска-ўкраінскім узброеным канфліктам увялі новыя санкцыі ў дачыненні да Расеі. Пад санкцыі трапілі расейскія энергетычныя кампаніі («Роснефть», «Газпром нефть» ды «Транснефть»). Санкцыі дзейнічаюць і ў дачыненні да шэрагу буйных расейскіх банкаў («Сбербанк», «Газпромбанк», «Россельхозбанк», а таксама «ВЭБ» і «ВТБ»).

6 жніўня прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін падпісаў указ, які забараняе ўвоз у Расею харчавання з ЕЗ, ЗША, Канады, Японіі і Аўстраліі. Гэта рашэнне стала адказам на заходнія санкцыі. У спіс забароненых тавараў патрапілі ялавічына, свініна, птушка, рыба, садавіна, гародніна, сыры і малочная прадукцыя, арэхі і іншыя прадукты.

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў