Лаўроў назваў «трызненнем» размовы пра планы Расеі акупаваць Беларусь


Сяргей Лаўроў

Міністр замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў у інтэрвʼю беларускім СМІ (БелТА, Першы канал, АНТ і TUT.by) заявіў, што расейскія войскі не застануцца ў Беларусі пасля вучэнняў «Захад-2017». Пра гэта піша TUT.by.

Паводле Лаўрова, расейска-беларускія вучэнні не ўпершыню выклікаюць размовы пра тое, што Расея нібыта плануе акупацыю Беларусі.

«Цяпер рыхтуюцца вучэнні «Захад-2017», пару гадоў таму былі вучэнні «Шчыт Саюзу – 2015». Тыя ж крыкі раздаваліся: што цяпер расейскія войскі ўвойдуць нібыта для правядзення вучэнняў, потым застануцца там назаўсёды і акупуюць Беларусь. Большага трызнення цяжка сабе ўявіць, тым больш, калі гаворка ідзе пра палітыкаў, якія прэтэндуюць на нейкую рэспектабельнасць у ЕЗ. Чуткі, што мы нібыта рыхтуемся да ўвядзення войскаў у Беларусь пад выглядам вучэнняў ужо былі шматкроць абвергнутыя – і з расейскага боку, і з боку кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь. Нашыя калегі з Паўночна-Атлантычнага альянсу выдатна ведаюць, што ў іх ёсць запрашэнне на гэтыя вучэнні, яны праводзяцца транспарэнтна, гэтак жа, як і ўсе папярэднія сумесныя вучэнні Расейскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь», – запэўніў Лаўроў.

Кіраўнік МЗС Расеі таксама заявіў, што пытанне пра расейскую авіябазу ў Беларусі апошнім часам не абмяркоўвалася.

«Я не чуў, каб пытанне аб ваеннай базе ўздымалася ў апошні час, мы прынялі да ведама рашэнне прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, які абсалютна ў рамках сваіх паўнамоцтваў і сваёй кампетэнцыі гэтае рашэнне прыняў. Мы да яго ставімся з поўным павагай. А пра нейкі прысутнасці расейскіх войскаў на тэрыторыі Беларусі за межамі згоды беларускага кіраўніцтва, я думаю, ніхто і не падумвае», – кажа ён.

ІІ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары