Латвія мае намер надаць новы імпульс дачыненням паміж Беларуссю і ЕЗ


Пра гэта заявіў сёння на сустрэчы з кіраўніком Беларусі міністр замежных справаў Латвіі Эдгар Рынкевіч. Гаворка вялася пераважна пра дачыненні Беларусі ды Еўразвязу.

«Мы як краіна, якая ў першым паўгоддзі старшынюе ў ЕЗ, хацелі б бачыць далейшае развіццё «Усходняга партнёрства». У нас у Рызе пройдзе саміт, і мы б хацелі зрабіць усё магчымае, каб надаць новы штуршок, новы імпульс адносінам паміж Еўразвязам і Беларуссю».

Паводле Рынкевічса, ужо ёсць канкрэтныя ідэі па супрацоўніцтву. Гэта і спрашчэнне візавага рэжыму, і магчымасці палітычнага і эканамічнага дыялогу.

Лукашэнка на сустрэчы з дыпламатам падкрэсліў, што беларускі бок таксама разлічвае на садзейнічанне Латвіі ў развіцці ўзаемадзеяння Беларусі з іншымі краінамі Еўразвязу без прадузятасцяў.

Магчыма, што сам Лукашэнка паедзе на саміт «Усходняга партнёрства», які пройдзе ў Рызе 21-22 траўня.

19 лютагаў у размове з Еўрарадыё міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей сказаў, што «пытанне ўдзелу ў саміце Усходняга партнёрства вырашыць сам прэзідэнт».

ДР, belsat.eu паводле belta.by

Стужка навінаў