Купалле ў Верцялішках: бліскучыя вышыванкі і… забарона купацца


Купальскае свята пад Горадняй спалучыла этна-стыль ды сучасны вясковы кіч.

Аграгарадок Верцялішкі на трасе Горадня-Азёры, далёка не выміраючы населены пункт. За часамі Аляксандра Дубко, колішняга старшыні аблвыканкаму, які паспеў пабыць тут кіраўніком гаспадаркі, калгас лічыўся мільянерам і адным з найлепшых у рэспубліцы.

Купальскім традыцыям тут таксама не адзін год, свята ж ладзіцца зазвычай на беразе возера. Сёлета арганізатары абяцалі купальскае вогнішча, вянкі, спевы, танцы і феерверк напрыканцы.

Падтрымаць мясцовы актыў аўтэнтычнымі спевамі прыехалі чальцы «Студэнцкага этнаграфічнага таварыства» (СЭТ) з Горадні.

«Трэба разумець, што такія святы знаходзяцца на мяжы этна-купалля і купалля «ад дому культуры», – тлумачыць СЭТ-авец Антось Янкоўскі. – То бок захоўваюцца традыцыйныя элементы: пошук кветкі, карагоды вакол вогнішча, вянкі ў ваду. Але не абыходзіцца і без сучаснага: мікрафон, конкурсы і алкаголь, на жаль».

Афіцыйна, канешне, алкаголь на пляцоўцы каля возера пад забаронай, яго няма ў асартыменце выязных гандляроў. Пад забаронай, на дзіва, і …купанне ў возеры: на беразе пастаўленыя нават адмысловыя парканчыкі ды нацягнутая      стужка. За ўсім гэтым пільна сочаць супрацоўнікі міліцыі.

Свята насамрэч ажывае толькі тады, калі запальваецца вогнішча, пачынаюцца спевы і карагоды. Вакол трохметровага вогнішча за рукі бяруцца некалькі дзясяткаў людзей, каб закруціцца ў карагодзе пад традыцыйныя спевы дзяўчат з СЭТу. Пасля «разагрэву» – танцы: полька, ойра, падэспань і інш.

Наперадзе ў вяскоўцаў яшчэ пошук папараць-кветкі, фаер-шоў і салют. Зрэшты, нешта мае застацца і па-за журналісцкім аб’ектывам, прынамсі да наступнага года.

АК, belsat.eu

Стужка навінаў