Куды пайсці ў Вільні: гід ад удзельнікаў фестывалю «Belarus Alternative»


1-2 траўня ў Вільні – свята беларускай альтэрнатыўнай музыкі.

Напярэдадні мерапрыемства, дзеля паездкі на якое можна атрымаць бясплатную візу, мы папрасілі ўдзельнікаў фестывалю распавесці пра ўлюбёныя месцы Вільні.

Дзень першы

Гурт Brutto: «Для нас канцэрты – гэта працяг спорту. Таму падчас гастроляў мы намагаемся падтрымліваць форму, трэнуемся. У любым горадзе нас цешыць наяўнасць у гатэлі або побач з ім добрай спартовай залы – не абавязкова люксавай. Больш істотна спалучэнне якаснага абсталявання і слушнай атмасферы. Усё астатняе – пытанне дзясятага шэрагу. Таксама любім рабіць ранішнія прабежкі па гарадах, дзе бываем. Мяркуем, што Вільня не стане выключэннем».

Гурт Neuro Dubel у асобе Аляксандра Кулінковіча: «Зараз я трохі прыхварэў, але наагул люблю хадзіць па барах. Гаворым Вільня, маем на ўвазе бар і наадварот. Рэстарацыя »Marceliukės Klėtis« – мой улюбёны ўжо шмат гадоў. Установа стылізаваная пад вясковую хату. Там проста ўсё вясковае, але гэта толькі стылізацыя. Смачна, прыстойна і астатнія добрыя словы».

Гурт Pomidor/Off у асобе Аляксандра Памідорава: «Люблю шпацыраваць. Швэндацца па Вільні можна проста бясконца. Сярод улюбёных месцаў вуліца Pylimo, дзе знаходзіцца кірмаш, сінагога і »яйка«. Люблю ўвесь стары горад, дзе прыгожых вулачак не пералічыць.

Таксама амаль кожны раз заходжу да “дзядзі Фрэнка” – помніка Фрэнку Заппе на вуліцы Kalinausko. А яшчэ Вільня для згаладалага чалавека – смерць… ад пераядання. Асабліва добрыя там халаднікі раніцай – у траўні як раз пачынаецца сезон. А яшчэ рэкамендую паб “Alaus Studio” у Паўночным гарадку з 30 гатункамі піва».

Дзень другі

Кабарэ-бэнд «Серебряная Свадьба»: «Наша ўлюбёнае месца – Рэспубліка Ужупіс (Зарэчча). Яе Канстытуцыю мы лічым узорнай ва ўсіх сэнсах. Ну, і проста заўжды ходзім туды на шпацыр.

На шляху ад вакзалу да Ужупіса знаходзіцца выдатная крама музычных інструментаў Tamsta.

Заўжды там знаходзім нешта цікавае. А паміж Tamsta і Ужупісам акурат на схіле ўзгорку можна знайсці фантастычныя спартовыя трэнажоры і размяцца перад пад’ёмам на гару Гедыміна».

Гурт Pukstband у асобе Сяргея Пукста: «У Вільні, канешне, цікавая атмасфера агульнай нестэрыльнасці і тое, што мне больш за ўсё падабаецца – адчуванне вялікага хаатычнага нагрувашчання выпадковых месцаў. На кожным кроку на цябе можа скочыць антыкварная крама альбо хостэл. Цікава ісці ўздоўж доўгага плоту ў самым цэнтры і раптам пабачыць у прарэху, быццам у сне, казачны луг з хісткімі хвалямі травы. Калі гаварыць пра ўстановы, мяне больш за ўсё прывабліваюць антыкварныя крамы, барахолкі, крамы са старым вінілам і кампакт-дыскамі. З апошніх магу парэкамендаваць краму Thelonius на вуліцы Stiklių, а таксама Margo Vintage Shop і Vinilo Studija на вуліцы Pylimo».

Гурт Super Besse: «У Вільні нам падабаецца і стары горад, і больш сучасная частка, дзе перасякаюцца хмарачосы з савецкім мадэрнізмам. У гэтым горадзе пад настрой ёсць і дастаткова вузкіх нешматлюдных вулачак, каб пашвэндацца ў цішы, і шмат шумных клубаў ды кавярняў, каб весела пабавіць час. Рэкамендуем смачную кухню ў вінарні Franki, выдатныя напоі ў бары Sarkozy.

Фестываль “Belarus Alternative”

Вільня, Teatro Arena, 19.00

1 траўня: BRUTTO, NEURO DUBEL, POMIDOR/OFF

2 траўня: СЕРЕБРЯНАЯ СВАДЬБА, SUPER BESSE, PUKSTBAND

Кошт квіткоў: 400 тыс. руб. на адзін дзень, 700 тыс. руб. – на два дні.

Квіткі з правам на візавую падтрымку (аднаразовая віза без консульскага збору са спрошчаным наборам дакументаў) прадаюцца толькі ў офісе турыстычнай фірмы

Тридевять земель” па адрасе: Менск, вул. Казлова, д.7, оф.12. Там жа адбываецца рэгістрацыя на падачу дакументаў. Апошні дзень падачы – 23 красавіка.

Квіткі без візавай падтрымкі можна набыць у Беларусі ў сістэме Ticketpro.by, у Літве – Bilietupasaulis.lt.

НЯ, belsat.eu

Стужка навінаў