Крэмль: На арышт маёмасці РФ за мяжой непазбежна будуць хуткія крокі ў адказ


Расея распачне на сваёй тэрыторыі захады ў адказ на арышт яе актываў у Бельгіі і Францыі, прычым гэтыя крокі будуць зробленыя досыць хутка, заяўляюць у Крамлі.

Кіраўнік адміністрацыі прэзідэнта РФ Сяргей Іваноў выказаў упэўненасць, што Расея распачне захады ў адказ у найбліжэйшы час, падае interfax.by.

«Тое, што яны будуць (крокі ў адказ – рэд.), я ні на ёту не сумняваюся. Я ўсё ж 15 гадоў у Міністэрстве замежных справаў адпрацаваў. Можна дзейнічаць і трэба дзейнічаць толькі захадамі ў адказ», – сказаў Іваноў у інтэрвю на тэлеканале «Россия 1».

Расейскі чыноўнік падкрэсліў: «Натуральна, крокі ў адказ непазбежна і досыць хутка будуць зробленыя».

17 чэрвеня ўсе расейскія ўстановы ў Бельгіі, акрамя дыпламатычных прадстаўніцтваў, былі паінфармаваныя аб арышце дзяржаўнай маёмасці Расеі. Арышты расейскіх актываў адбыліся таксама ў Францыі ды Аўстрыі.

Год таму Страсбурскі суд абавязаў Расею выплаціць € 1,86 млрд былым акцыянерам нафтавай кампаніі ЮКОС. Трацейскі суд у Гаазе запатрабаваў выплаціць яшчэ больш – каля € 50 млрд. Масква палічыла абодва рашэнні незаконнымі. Кампанія ЮКОС належала алігарху Міхаілу Хадаркоўскаму, які выступіў супраць карупцыі ды сувязі Пуціна з кампаніяй «Роснефть». Супраць Хадаркоўскага завялі крымінальную справу аб махлярстве ды на 10 гадоў пасадзілі яго ў турму, а кампанію прымусова збанкруцілі ды перадалі яе актывы «Роснефти».

МЯ, паводле interfax.by

Стужка навінаў