Крамлёўскія мульці-пульці. Мінабароны РФ злавілі на хлусні трэці раз за год


Калі верыць расейскім СМІ, амерыканская баявая авіяцыя ў Сірыі бязлітасна вынішчае гарадскія кварталы. Пра гэта заявіла і Мінабароны Расеі, нават фотаздымкі апублікавала.

Аднак, аказалася, што гэтыя ж самыя фотаздымкі гэтая ж установа паказвала раней. Гэта былі «пацвярджэнні трапных бомбавых удараў па штабах ісламістаў». І рабіла гэта быццам бы расейская авіяцыя. Трэці раз за год расейская прапагандысцкая машына з гучным пляскам села ў лужыну.

«Вашу маму і тут і там паказваюць!»

Вясной гэтага года Міністэрства абароны Расеі паведаміла пра «катастрафічныя знішчэнні горада Ракі, прычынай якіх стала бамбаванне авіяцыяй міжнароднай кааліцыі». «Большасць жытла, шпіталёў, мячэтаў, школаў і важнейшай інфраструктуры была знішчаная», – дакарала заходнім калегам расейская вайсковая ўстанова.

Адзін з фатаздымкаў, апублікаваны акаўнтам Мінабароны Расеі ў якасці ілюстрацыі да твіта 7 красавіка 2018 года.

Аднак, як на днях заўважыў сайт інтэрнет-даследванняў Bellingcat, менш чым год таму 16 чэрвеня 2017 года тое ж ведамства публікавала спадарожнікавыя фотаздымкі таго ж самага месца.

Аднак тады здымкі ішлі з зусім іншым тэкстам. У постынгу гаварылася, што гэта былі будынкі, у якіх збіраліся лідары так званай «Ісламскай дзяржавы», і іх тут разбамбілі менавіта Паветрана-касмічныя сілы Расейскай Федэрацыі.

Заяўлялася нават, што ў якасці гэтага трапнага авіяўдару мог быць забіты сам Абу Бакр аль-Багдадзі – кіраўнік «Ісламскай дзяржавы».


Параўнанне «амерыканскага» і «расейскага» удараў па «мірным квартале» і «штабе баевікоў» адпаведна.

Згодна з аналізам, які правёў Bellingcat, гэта сапраўды горад Рака, аднак хто разбамбіў гэтае месца, ці сапраўды тут былі лідары ісламістаў – вялікае пытанне. Факт толькі ў тым, то Мінабароны Расеі вырашыла схлусіць усяму свету і выдаць адныя і тыя ж знішчаныя будынкі ў якасці працы і сваёй, і чужой авіяцыі.

Яму *цы ў вочы, а ён скажа, што дождж ідзе!

Расейскіх вайскоўцаў ужо не першы раз хапаюць за руку на відавочнай хлусні. Як раз два самыя яркія такія выпадкі здарыліся таксама адносна нядаўна.

Гэтак, у чэрвені 2017 года прэзідэнт Уладзімер Пуцін падчас здымкаў фільма пра яго рэжысёрам Оліверам Стоўнам паказваў апошняму на мабільным тэлефоне «працу нашай авіяцыі ў Сірыі». І суправаджаў гэтае відэа аповедам пра гераічнае змаганне расейскіх вайскоўцам там з ісламістамі. Сюжэт трапіў у фільм знакамітага творцы.

Аднак аказалася, што гэта амерыканскае відэа, і паказвае яно тое, як амерыканскі верталёт Apache вядзе бой з ісламістамі ў Афганістане.

Пазней, у лістападзе 2017 года Мінабароны Расеі ў сацыяльных сетках выкладвае кадры таго, як быццам бы ЗША дазваляюць эвакуяваць баевікоў-ісламістаў у Сірыі. Аказалася, што гэта ўвогуле скрыншот з кампʼютарнай гульні-сімулятара баявога самалёта АС-130.

«Арыгінальнае фота» Мінабароны РФ. Крыніца twower.livejournal.com

Ролік з гульні, адкуль узятае «арыгінальнае фота».

Цікава, што за фэйк з кампʼютарнай гульні Мінабароны Расеі, калі не выбачалася перад публікай, то хоць прызнала, што «фотаматэрыялы былі памылкова далучаныя да заявы ваеннага ведамства». Тлумачэнняў наконт астатніх фэйкаў увогуле не было.

Прэс-сакратар Уладзімера Пуціна Дзмітрый Пяскоў увогуле без заявіў, што амерыканскае відэа, якое Пуцін паказаў Стоўну – гэта не памылка, яно праўдзівае і паказвае дзеянні расейскай авіяцыі.

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Стужка навінаў