Коля Лукашэнка як «наследны прынц» Беларусі?


З’явіўся на публіцы, калі яшчэ не дацягваўся да выбарчай скрыні… А ўжо гэтым летам упершыню выступіў самастойна.

Малодшаму сыну Аляксандра Лукашэнкі Мікалаю сёння спаўняецца 11 гадоў, з якіх 7 – не сціхае дыскусія пра ягоны статус.

АЛЕСЬ ЛАГВІНЕЦ, ПАЛІТОЛАГ:

«Па тым, як пазіцыянуецца ў сродках масавай інфармацыі асоба Мікалая Лукашэнкі, выглядае сапраўды, што яму адводзіцца роля гэтак званага «наследнага прынца».

Неафіцыйны «прынц-спадкаемец» рэгулярна бярэ ўдзел у спатканнях з кіраўнікамі іншых дзяржаваў, замежных візітах, гуляе ў хакей, а сёлета нават прымаў парад у пагонах галоўнакамандуючага. Адным словам, робіць усё тое, што і ягоны бацька.

ЮРЫЙ ХАШЧАВАЦКІ, РЭЖЫСЁР:

«У гэтым сэнсе Аляксандр Рыгоравіч не ёсць арыгінальным. Як у вёсцы – хата застаецца сыну ад бацькі, гэтак і «Бацька» хоча перадаць той дом, які ён лічыць сваім, то бок Беларусь».

Згодна з ацэнкаю аўтара стужкі «Звычайны прэзідэнт», цяпер Лукашэнка актыўна рыхтуе грамадства прыняць ягонага пераемніка.

Падобнае меркаванне раней выказваў і экс-прэзідэнт Савецкага Саюзу Міхаіл Гарбачоў, якога паводзіны Лукашэнкі моцна абурылі.

МІХАІЛ ГАРБАЧОЎ, ЭКС-ПРЭЗІДЭНТ СССР:

«Узяў за рукі Колю і рыхтуе сабе змену. І не хавае гэтага, быццам бы ў нас там Каралеўства Беларусь».

Пытанне пра пераемнасць улады ў Беларусі – адно з самых частых і з боку замежных медыяў. Хоць кіраўнік Беларусі ў сваю чаргу нязменна адмаўляе такую магчымасць.

АЛЯКСАНДР ЛУКАШЭНКА, КІРАЎНІК БЕЛАРУСІ:

«Улада пасля Лукашэнкі ў нас будзе ў таго, хто яе выграе на выбарах».

Пасля якога з Лукашэнкаў – не ўдакладняецца. Зрэшты, да таго, што малодшы калісьці возьме ўдзел у выбарах, ужо падрыхтаваная частка электарату.

ЖЫХАРЫ БАБРУЙСКУ:

«Няхай вучыцца, набіраецца досведу. Можа, добры кіраўнік будзе».

«Калі ён здольны, калі ў яго ёсць упэўненасць».

«Нармальна, у прынцыпе. Бацька яго навучыць».

І перадасць уладу, як калісьці бацька сірыйскага дыктатара Башара аль-Асада, ці, напрыклад, лідара Паўночнай Карэі Кім Чэн Ына. Стан краінаў, якімі кіруюць гэтыя пераемнікі, можна, бадай, пакінуць без каментара.

Вольга Жарнасек, «Белсат»

Стужка навінаў