Колькі каштуе праўда? Блогеры падтрымліваюць незалежную журналістку


Блогеры з інтэрнэт-праекту «Ротарная жатка» (канал «Беларускае поле эксперыментаў» на youtube.com) стварылі відэаролік у падтрыманне журналісткі Ларысы Шчыраковай, якую хутка чакае суд за «незаконны збор і распаўсюд інфармацыі».

У роліку блогеры зрабілі інсцэнізацыю будняў незалежных журналістаў: падчас працы людзі ў цывільным затрымліваюць журналістку, адбіраюць камеру, увозяць у невядомым напрамку. Напрыканцы роліка змешчаны заклік прыйсці ў суд каб выказаць салідарнасць з журналісткай.

«Пераслед журналістаў у Беларусі носіць пастаянны характар, – кажа адзін з аўтараў роліка Віктар Рубцоў, – ідзе мэтанакіраванае знішчэнне альтэрнатыўных крыніц інфармацыі. Гэтым ролікам мы хочам прыцягнуць увагу да гэтай праблемы, каб рэпрэсіі супраць журналістаў трапілі ў топ навінаў. Мы – блогеры, не журналісты, але мы таксама збіраем і распаўсюджваем інфармацыю, і таму мы, канешне, салідарныя з журналісткай».

«Вельмі ўсцешана, што блогерская супольнасць у Гомлі праяўляе салідарнасць, – каментуе Ларыса Шчыракова. – Вельмі важна ў такіх справах менавіта салідарнасць і падтрыманне. Калі ў суд, дзе разглядаецца палітычны працэс, будзе прыходзіць па 50 асобаў, у тых хто пераследуе журналістаў можа адпасці жаданне ладзіць тыя суды».

Перад судом грамадскія – палітычныя актывісты, блогеры і журналісты плануюць зладзіць флэш-моб у падтрыманне журналісткі: «я збіраю і распаўсюджваю інфармацыю, я – такі як Ларыса Шчыракова».

Ганна Кавальчук, belsat.eu

Стужка навінаў