Кіраўнік РГА «Белая Русь»: «Стабільнасць, мір і згода – гэта наш айчынны выбар»


Аляксандр Радзькоў знайшоў ключавое звяно, якое «забяспечвае згуртаванасць і салідарнасць беларускага народа».

На прэзідэнцкіх выбарах, якія адбудуцца 11 кастрычніка, рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне «Белая Русь» будзе актыўна падтрымліваць Аляксандра Лукашэнку, заявіў старшыня арганізацыі Аляксандр Радзькоў, выступаючы 11 ліпеня ў Менску на паседжанні аб’яднання.

«Ключавым звяном, якое забяспечвае згуртаванасць і салідарнасць беларускага народа, з’яўляецца наш лідар – прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка. Члены РГА «Белая Русь» з’яўляюцца яго паслядоўнымі прыхільнікамі, патрыётамі сваёй радзімы. Усведамляючы сваю гістарычную адказнасць за сучаснасць і будучыню беларускага народа і дзяржавы, мы гатовыя прыкласці ўсе намаганні для захавання стабільнасці, міру і згоды на нашай зямлі», – падкрэсліў ён.

Паводле слоў Радзькова, «дасягненне гэтых высокіх мэтаў магчыма толькі на базе захавання дзяржаўнага суверэнітэту, удасканальвання сацыяльна-эканамічных адносінаў, павышэння канкурэнтаздольнасці нацыянальнай эканомікі, а таксама захавання адзінства грамадзянаў краіны, кансалідацыі ўсіх структураў грамадзянскай супольнасці», – сказаў кіраўнік РГА «Белая Русь».

«За гады незалежнасці ў Беларусі сцвердзілася мудрасць, што мір і згода – гэта галоўны агульнанародны набытак. Яго трэба абараняць і ўмацоўваць штодзённай працай. Стабільнасць, мір і згода – гэта наш айчынны выбар, гэта галоўная формула паспяховага развіцця нашай Айчыны», – лічыць Радзькоў.

На яго думку, у Беларусі дагэтуль няма палітычнай фігуры, супастаўнай з Лукашэнкам, «падабаецца гэта камусьці або не».

«Белая Русь» мае намер за пяць дзён сабраць 100 тысяч подпісаў, неабходных для ўдзелу Лукашэнкі на выбарых прэзідэнта.

Чытайце таксама >>> «З празнічкам». Трывае трэцяе дзесяцігоддзе Аляксандра Лукашэнкі ва ўладзе

У РГА «Белая Русь» уваходзіць больш за 155 тысяч чалавек. На прэзідэнцкіх выбарах 2010 года Радзькоў узначальваў перадвыбарны штаб Лукашэнкі.

ЮВ, belsat.eu, паводле belapan.by

Стужка навінаў