Рукі расейскай цэнзуры дацягнуліся да Беларусі


«З усіх мастацтваў найважнейшае для нас з’яўляецца кіно», – напісаў у далёкім 1923 г. правадыр пралетарыяту ў лісце да народнага камісара асвецы Луначарскага. 15 красавіка 2015 г. міністр культуры Расеі Уладзімер Мядзінскі распачаў вайну за «гістарычную праўду», забараніўшы кінастужку «Нумар 44», якая сёння мела трапіць на экраны расейскіх кінатэатраў.

Шызафрэнічная рэфлексія пра саміх сябе

«Такія фільмы, як «Нумар 44», не мусяць выходзіць у нашай краіне ў масавы кінапракат, зарабляючы на нашых кінагледачах ні ў год 70-годдзя Перамогі, ні калі б там ні было яшчэ. …У гэтым фільме ўсё, як трэба: Сталін зладзіў «галадамор» адмыслова для Украіны і забівае па 25 тыс. чалавек у дзень; дзеці галадаюць, героі ядуць сваіх саслабелых аднакласнікаў; у СССР забараняецца расследаваць крымінальныя злачынствы, бо «ў нас няма забойстваў, яны ёсць толькі пры капіталізме»; савецкія салдаты-марадзёры з пяццю трафейнымі гадзіннікамі на запясцях. …Мы мусім нарэшце паставіць кропку ў шэрагу бясконцых шызафрэнічных рэфлексіяў пра саміх сябе», – заявіў Уладзімер Мядзінскі.

Пераемнікі бандытаў

Беларускі пісьменнік і дакументаліст Вячаслаў Ракіцкі лічыць, што «Нумар 44» зачапіў расейскіх чыноўнікаў.

«Калі забараняюць, значыць, ведаюць чаму. Значыць, убачылі ў гэтым фільме саміх сябе. Тыя, хто забараняе – пераемнікі бандытаў, якія знішчалі людзей у сталінскіх лагерах. Сучасная ўлада Расеі – нашчадак сталінскага рэжыму. Яны баяцца, што рухне іхны ідэалагічны падмурак», – сказаў у размове з belsat.eu Вячаслаў Ракіцкі.

Дзеянне фільму разгортваецца ў СССР у часы Сталіна. Галоўны герой – дыскрэдытаваны афіцэр савецкай разведкі Леў Дзямідаў, які расследуе серыю дзіцячых забойстваў, але ягоная дзейнасць выклікае падазрэнне ў савецкага ўраду і спецслужбаў.

«Размаўляючы з калегамі, прыходжу да адчування, што цэнзура ў Расеі стала больш жорсткая. Гісторыя з операю «Тангойзэр» у Новасібірску, цяпер забарона фільмаў, якія, на думку міністра і кансерватыўнага лобі, няправільна адлюстроўваюць гісторыю. Гэта дэманстрацыя сілы ў дачыненні да мастацтва. У Расеі актыўна ідэалізуюцца ўсе формы імперскасці: царская ўлада, СССР, людзі, сімвалы сілы ды ўлады. Усе злачынствы імперыі разглядаюцца як нязначныя, а часам неабходныя агрэхі. Рэальная карціна імперскага праўлення выклікае раздражненне. Людзям убіваюць думку, што імперыя – гэта добра і імперыя заўсёды мае рацыю», – разважае беларускі рэжысёр Андрэй Курэйчык.

«Скажэнне гістарычных фактаў»

На афіцыйнай старонцы Міністэрства культуры Расеі апублікавалі тлумачэнне прычынаў забароны пракату кінастужкі.

«У Міністэрства культуры РФ паступілі пытанні, якія датычаць зместу фільму, у першую чаргу – скажэнне гістарычных фактаў і своеасаблівая трактоўка падзей да, падчас і пасля Вялікай Айчыннай вайны, а таксама вобразаў і характараў савецкіх грамадзянаў той гістарычнай эпохі. 14 красавіка адбыўся прагляд фінальнай версіі карціны з удзелам экспертаў, прадстаўнікоў Міністэрства культуры, расейскага пракатчыка – кампаніі «Цэнтрал Партнершып» пры ўдзеле медыяў. Пасля прагляду меркаванне пракатчыкаў і прадстаўнікоў Мінкультуры супалі: пракат такіх фільмаў напярэдадні 70-годдзя Перамогі недапушчальны».

У Беларусі пракат кінастужкі катэгарычна забаронены

Паводле Васіля Коктыша, дырэктара УП «Кінавідэапракат» Менгарвыканкаму (беларускае прадпрыемства-пасярэднік паміж дыстрыб’ютарамі і кінатэатрамі) рашэнне не паказваць карціны ў Беларусі прыняла кампанія «Цэнтрал Партнэршып». У Беларусі стужка выйдзе ў абмежаваным пракаце. «Дамова з пракатчыкам падпісаная, электронныя ключы для паказу ёсць», – цытуе Коктыша interfax.ru.

У размове з euroradio.fm Васіль Коктыш кажа пра катэгарычную забарону на паказ фільму.

«Спачатку яны нібыта дазволілі нам паказваць гэты фільм. Сказалі: у сябе рабіце, што хочаце. Але потым раптам у 17.00 прыйшоў электронны ліст, дзе ў катэгарычнай форме забаранілі нам гэта рабіць. Не тлумачачы прычын», – сказаў чыноўнік.

«У беларускіх партнёраў (кампаніі «Цэнтрал Партнэршып» – заўв. рэд.) не было выбару. Фільмы да нас не прывозяць наўпрост. Спачатку іх набывае расейскі дыстрыб’ютар, а пасля яны ідуць на іншыя рынкі: Беларусь, Казахстан, Арменія, Украіна. Усе замежныя фільмы перакладаюцца і дублююцца ў Маскве», – тлумачыць Андрэй Курэйчык.

Кінематаграфічны «чорны спіс»

Кінастужка «Нумар 44» пакуль не трапіла ў беларускі «чорны спіс замежнага кінематографу», які час ад часу папаўняе Міністэрства культуры Беларусі. «Нам пра гэта нічога не вядома», – заявілі ў прэс-службе Мінкульту Беларусі.

Сярод забароненых у нашай краіне ёсць некалькі расейскіх «шэдэўраў»:

  • «Голая помста», 2005 г.
  • «Галалёд», 2003 г.
  • «Зялёны слонік», 1999

Поўны спіс забароненых у Беларусі фільмаў тут

ЮВ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары