Аляксандр Фядута «Казус Бабчанкі» на фоне смерці Ульяны Захаранкі

паліткансультант

– Б…дзь!

Уся выстава інтэлектуальнай кнігі «Прадмова» павярнулася ў цэнтр залы. Я стаяў з тэлефонам, на экране якога генеральны пракурор і дырэктар Службы бяспекі Украіны распавядалі пра тое, што яны інсцэнізавалі замах на Аркадзя Бабчанку.

– Б…дзь!

Паэт Дзмітрый Строцаў, самы інтэлігентны з вядомых асабіста мне асобаў, намагаўся мяне супакоіць:

– Ён жывы. Ён увайшоў ужо ў залу.

– Б…дзь!

Я разумею абурэнне «Рэпарцёраў без межаў». Сусветную журналісцкую супольнасць прымусілі аплакваць жывога чалавека – і гэта пры тым, што каля сотні журналістаў рэальна гінуць у свеце кожны месяц. Зразумела: мэта апраўдвае сродкі, як гаварылі сябры вядомага ордэну, але… Але мяжа ёсць.

Найбольш трапна адносіны да таго, што адбываецца, выказала мая калега па «Маскоўскім Навінам», што калісьці выходзілі, Таццяна Скарабагацька, якая напісала ў сваім акаўнце Фэйсбуку:

– А яго маму папярэдзілі пра такую ​​інсцэніроўку?

Яна правільна запытала. У нас у краіне зніклі без следу два былыя чальцы ўраду, бізнесмен і журналіст. Маці экс-міністра ўнутраных справаў Юрыя Захаранкі памерла, не дачакаўшыся праўды пра лёс сына. А кіраўнік краіны ў гэты час казаў:

– Яны жывыя! Іх бачылі жывымі! Аднаго – у Латвіі, другога – у Нямеччыне!

І хоць ніводнага доказу не прывялі, Лукашэнка паўтараў гэтую лухту як заклінанні:

– Яны жывыя! Яны жывыя!

А цяпер у яго з’явілася ўскоснае сведчанне – «казус Бабчанкі»: маўляў, глядзіце, на што гэтыя сукі гатовыя пайсці, каб дамагчыся сваёй мэты! Да інфаркту людзей даводзяць! А самі – жывыя!

Мяне да інфаркту не давялі. Што я магу сказаць? Жывіце доўга, Аркадзь Аркадзьевіч Бабчанка. Другі раз, калі раптам я Вас перажыву, аплакваць Вас я не буду. Мне хапіла першага. Я ўсё сказаў.

Глядзіце таксама:

Фота на вокладцы: Mykola Lazarenko/Ukrainian Presidential Press Service

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

Глядзі таксама
Каментары