Казахстанскі бізнесовец Аблязаў: Мадэль з прэзідэнтам у краінах СНД – небяспечная


«Белсат» паразмаўляў з былым міністрам энергетыкі Казахстану ды бізнесоўцам Мухтарам Аблязавым, якога пераследуюць казахстанскія ўлады.

«Белсат»: Часам вас называюць «казахскім Хадаркоўскім». Наколькі карэктнае такое параўнанне?

Мухтар Аблязаў: На самой справе я не казахскі алігарх. Алігарх у класічным разуменні – чалавек, які стаў багатым і стварыў сваю маёмасць, знаходзячыся пры ўладзе, разам з уладамі, праз уладу. Я працаваў міністрам паўтары гады – у 1998-1999 гадах – і прыйшоў ва ўладу, калі ўжо быў вядомы бізнесоўцам, буйным, які валодаў банкамі ды прамысловымі прадпрыемствамі. Банкі і прадпрыемствы я арганізаваў з нуля, таму я не з’яўляўся алігархам ды не з’яўляюся. Увесь мой бізнес у наступныя гады я развіваў сам, насуперак уладам, якія ўвесь час хацелі ў мяне адабраць бізнес. У выніку ў студзені 2009 года Назарбаеў вырашыў захапіць мой бізнес, а таму я дакладна не алігарх, а апазіцыйны палітык і бізнесовец.

«Белсат»: У інтэрв’ю парыжскай газеце «Libération» вы заявілі, што гатовыя арганізаваць апазіцыю Нурсултану Назарбаеву на адлегласці. Ці магчыма гэта ўвогуле?

Мухтар Аблязаў: У аўтарытарных краінах, асабліва ў такіх як Казахстан, Беларусь грамадзяне не маюць магчымасці выражаць сваю волю традыцыйным спосабам, беручы ўдзел у дзейнасці палітычных партыяў ды рухаў.

Больш за тое: казахскія ўлады душаць любое іншадумства, нават адзіночныя пікеты. Заняць адміністрацыйныя будынкі, у якіх сядзяць улады, як гэта адбывалася ва Украіне, мяркую, адзіны шлях, якім можна змяніць палітычны рэжым.

Я знаходжуся за мяжой і хачу кансалідаваць тыя апазіцыйныя сілы, якія ёсць унутры краіны, – а яны ёсць – тых незадаволеных рэжымам. Каб гэтыя дзясяткі тысячаў людзей выйшлі на уліцу і прагналі гэты рэжым.

«Белсат»: Ці гатовыя вы стаць прэзідэнтам Казахстану? Якую б вонкавую палітыку вы праводзілі ў дачыненні да Расеі і іншых краінаў?

Мухтар Аблязаў: Я планую стаць прэм’ер-міністрам Казахстану, не прэзідэнтам.

Я мяркую, што ў Казахстане ды і ва ўсіх краінах СНД палітычная мадэль з прэзідэнтам зжыла сябе ды небяспечная для краіны. Таму што ў любым выпадку прэзідэнт фактычна становіцца манапалістам улады і пачынае маніпуляваць прэм’ер-міністрам.

Гэта будзе незалежная сяброўская палітыка краіны-сябра ААН. Па сваім змесце, я мяркую, гэта мае быць дэмакратычная краіна, па палітычным ладзе яна мае імкнуцца да таго, што ёсць у вядучых краінах Еўропы.

«Белсат»: А як бы вы ахарактарызавалі сённяшнюю палітыку Казахастана – краіны, у якой ужо некалькі дзесяцігоддзяў кіруе адзін клан, адна сям’я?

Мухтар Аблязаў: Гэта нават не аўтарытарны рэжым, гэта дыктатура, дыктатура адной асобы і яго сваякоў.

Больш – у відэа вышэй.

Чытайце таксама:

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў