Кавалеўскі: «Пытанні дэбатаў кандыдатам ніхто не злівае»


За два тыдні да прэзідэнцкіх выбараў у ЗША Валер Кавалеўскі з Беларуска-амерыканскага задзіночання (Вашынгтон) тлумачыць, чаму сёлетняя прэзідэнцкая кампанія стане ўрокам для абедзвюх партыяў.

Дзяніс Дзюба: Фінальны раунд дэбатаў быў для Трампа апошнім шанцам паправіць сваю сітуацыю пасля «pussy»-скандалаў. Ці скарыстаўся ён ім?

Валер Кавалеўскі: Трамп гэты шанец згубіў, больш за тое – ён пагоршыў сваё становішча, прычым па цэлым шэрагу пытанняў: у яго былі не вельмі ўдалыя адказы па стасунках з Расеяй, па WikiLeaks, па ядравай зброі, па сітуацыі на Блізкім Усходзе, і, у прыватнасці, вызваленні Масулу і захопу Алепа.

Але самае галоўнае, што Трамп сказаў – што не можа абяцаць, што ён прызнае вынікі галасавання на прэзідэнцкіх выбарах. Больш за тое – ён сказаў, што выбары ў Злучаных Штатах фальсіфікуюцца.

Гэта вельмі сур’ёзныя маркеры таго, што Трамп літаральна падрывае амерыканскую дэмакратыю і давер да яе. Гэта ўспрымаецца адмоўна не толькі дэмакратамі, але і Рэспубліканскай партыяй.

Такога раней не было

Што на практыцы азначае непрызнанне Трампам вынікаў выбараў? Пад Белым домам будзе Майдан? Будуць пералічваць галасы? Будуць новыя выбары?

Гэта азначае, што ён уносіць раскол у палітычны працэс. Гэта адступленне ад традыцыяў, ад палітычнай культуры ў Злучаных Штатах. Я вельмі сумняюся, што рэспубліканцы – істэблішмент і шараговыя выбарцы – будуць задаволеныя такім сцэнаром. Барацьба ёсць барацьба, і той, хто прайграе, павінен прызнаць гэтую паразу і павіншаваць пераможцу.

Такі сцэнар нікога не задаволіць, і Трампу, канешне, прыйдзецца нарэшце прызнаць сваю паразу (калі ён прайграе), але такі тон і такія заявы не спрыяюць таму, што рэспубліканцы будуць працягваць яго падтрымліваць.

Што будзе з Рэспубліканскай партыяй пасля выбараў?

Кажуць, што Трамп наносіць сур’ёзную шкоду рэспубліканскай партыі, што падтрыманне такога кандыдата можа раскалоць партыю. Што будзе далей – складана сказаць. Сітуацыя ўнікальная: такога раней не было, каб кандыдат настолькі відавочна супрацьдзейнічаў лідарам партыі, якія былі абраныя народам у Сенат ды Палату прадстаўнікоў ды, у адрозненні ад Трампа, знаходзяцца на дзяржаўных пасадах. Ён падрывае іх аўтарытэт.

Як будзе развівацца сітуацыя ўнутры Рэспубліканскай партыі – прадказаць цяжка, але відавочна, што яна перажываюць вельмі сурʼёзны крызіс.

Чаму падчас дэбатаў ўсплыла тэма абортаў?

У Штатах гэтае пытанне заўсёды было вельмі важным і вельмі складаным. На сёння аборты ў ЗША не забароненыя, але некаторыя штаты робяць пэўныя захады, для таго каб абмежаваць магчымасць жанчын атрымліваць такія паслугі ў медычных установах. Паслуга афіцыйная дазволеная, але месца, дзе яе робяць, перастае быць даступным – да яго, напрыклад, трэба ехаць шмат гадзінаў. Таксама паўстаюць праблемы ўжывання страхоўкі, каб аплаціць гэтую паслугу.

Тое, што пытанне паднялі падчас апошніх дэбатаў – вельмі сімвалічна: раней яго абмяркоўвалі мала, а пытанне – вельмі сур’ёзнае, асабліва для рэспубліканскай базы.

Складваецца ўражанне, што галоўны плюс Клінтан – Трамп. Што асабіста зрабіла Гілары, каб перамагчы ў дэбатах?

Акрамя кепскага Трампа, у Клінтан ёсць шмат плюсаў. На працягу доўгіх гадоў яна цешыцца моцным падтрыманнем з боку дэмакратаў, яна развіла шырокую сетку палітычных кантактаў падтрымання альянсаў па ўсёй краіне, яна дасведчаны палітык і кваліфікаваны спецыяліст, да яе ставяцца вельмі прыязна мільёны людзей – не трэба гэта скідваць з рахунку.

Тое, што адбывалася цягам гэтай кампаніі і, у прыватнасці, на апошніх дэбатах, сведчыць, што Трамп шкодзіць сам сабе – сваёй нястрыманасцю і непадрыхтаванасцю. Ён не можа апрацаваць тыя некалькі дзясяткаў пытанняў, якія могуць быць зададзеныя падчас дэбатаў, ён прыходзіць пуставатым, у ягоных адказах бракуе канкрэтыкі, нейкай сутнасці.

Клінтан на апошніх дэбатах магла дазволіць сабе быць кансерватыўнай – больш стрыманай, дзейнічаць ад абароны. Тым не менш, яна працягвала сваю тактыку правакацыяў, дробных, але досыць карэктных нападаў на Трампа – і гэта спрацавала. Пад канец дэбатаў Трамп разышоўся, ён ужо пачаў губляць над сабой кантроль, дапускаў нават нейкія зневажальныя выпады ў дачыненні да яе, перабіваў вельмі часта, і выглядаў вельмі невыгодна. Гэта не ўласціва прафесійным амерыканскім палітыкам. Гэта тое, што адрознівае Трампа ад іншых.

Трамп ідзе на экспромт

Калі вядоўца звяртаўся з пытаннем да Клінтан, тая ані на секунду не задумвалася, а адразу пачынала адказваць. Ці кандыдаты ведаюць, што ў іх запытаюць? Ці не «зліваюць» ім пытанні загадзя?

Самае галоўнае, што трэба ведаць пра Клінтан – яна грунтоўна рыхтуецца да гэткіх дэбатаў. Яна вельмі працавітая і займаецца вывучэннем самых дробных аспектаў розных пытанняў і праблемаў.

У прэзідэнцкай кампаніі дэбаты – сур’ёзная падзея, і яна падышла да яе сурʼёзна, не толькі вывучаючы матэрыялы, але і праводзячы сімуляцыі дэбатаў з адмысловымі людзьмі, якія выступалі ў ролі Трампа. Усё праходзіць вельмі па-сапраўднаму, таму нічога незвычайнага ў тым, што яна добра рэагавала на пытанні, няма.

Пытанні, якія прагучаць на дэбатах, удзельнікі загадзя не ведаюць, і мадэратар асобна падкрэслівае перад дэбатамі, што пытанні не перадаваліся кандыдатам і нават арганізатарам дэбатаў. Ніякіх зліваў быць не можа

Кола пытанняў, якое можа быць зададзена падчас дэбатаў, – досыць абмежаванае. Гэта не тысяча, а хутчэй дзясятак або сотня пытанняў. І да іх можна падрыхтавацца.

У адрозненні ад Клінтан, Трамп наагул мала разбіраецца ў пытаннях амерыканскай палітыкі і эканомікі, а тут яшчэ ён вырашае не рыхтавацца да саміх дэбатаў. Ён мог бы звярнуцца да добрых экспертаў і спецыялістаў, каб атрымаць неабходную інфармацыю ды сфармуляваць нейкую пазіцыю, але ён ідзе на экспромт.

Чаму Трамп навучыў рэспубліканцаў і дэмакратаў?

Трэба дачакацца выбараў, і паглядзець каго абяруць амерыканцы. Мяркую, галоўныя і цяжкія ўрокі будуць для Рэспубліканскай партыі: гэта іх кандыдат, якога яны вымушана падтрымалі на самым пачатку кампаніі – і істэблішмент, і шырокія колы насельніцтва.

Для дэмакратаў гэта таксама не просты досвед: змагацца з такім неканвецыянальным кандыдатам складана.

Клінтан падыйшла да выбараў не ў найлепшай форме: у яе ёсць багаж грахоў і памылак, за якія яна расплочваецца кожны дзень, якія цягнуць яе рэйтынг уніз.

Памылак было мноства – урокаў будзе шмат для абедзвюх партыяў, але для рэспубліканцаў гэта будзе асабліва балючы досвед.

Размаўляў Дзяніс Дзюба

Глядзі таксама
Каментары