Каталіцкі Касцёл афіцыйна змяніў стаўленне да смяротнага пакарання


Чалавек не губляе права на жыццё нават пасля здзяйснення найцяжэйшых злачынстваў, сучасныя ўмовы ўжо не даюць маральнага апраўдання выкарыстанню смяротнага пакарання, кажа новая рэдакцыя Катэхізіса Каталіцкага Касцёла.

Беларусь – адзіная краіна ў Еўропе, дзе выконваецца смяротнае пакаранне. Пры гэтым католікі тут з’яўляюцца адной з найбольш актыўных групаў насельніцтва. Ці паўплывае афіцыйнае меркаванне Касцёла на пазіцыю беларускіх уладаў?

Што змянілася?

Цяпер Каталіцкі Касцёл лічыць, што смяротнае пакаранне недапушчальнае і рашуча выступае за яго адмену. Адна з прычынаў гэтага – зʼявіліся больш эфектыўныя спосабы абмежавання свабоды, якія гарантуюць належную абарону грамадзянаў і адначасова канчаткова не пазбаўляюць вінаватага магчымасці выправіцца. Гэтыя словы ўзятыя з прамовы Папы Рымскага Францішка ў кастрычніку 2017 года.

Раней было інакш. У папярэдняй рэдакцыі Катэхізіса адзначалася: «Пры ўмове, што асоба і адказнасць вінаватага цалкам устаноўленыя, традыцыйнае вучэнне Касцёла не выключае выкарыстання смяротнага пакарання, калі гэта адзін магчымы шлях сапраўды абараніць жыцці людзей ад несправядлівага агрэсара».

Пытанне смяротнага пакарання ў Беларусі

З часоў адраджэння незалежнасці амаль не было года, калі б у краіне па рашэнні судоў не расстралялі б некалькіх асобаў. Гэта людзі асуджаныя за асабліва цяжкіх злачынствы, якія звязаныя са свядомымі забойствам людзей пры абставінах, якія робяць віну злачынцы яшчэ больш цяжкаю.

Забіць па рашэнні суда ў Беларусі можа толькі мужчыну не маладзейшага за 18 гадоў і не старэйшага за 65 гадоў.

У 2011 годзе мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч звярнуўся да Аляксандра Лукашэнкі з заклікам увесці мараторый на смяротнае пакаранне, а потым зусім яго адмяніць. Гэта адбылося ў сувязі з дыскусіяй вакол смяротнага пакарання, якое прысудзілі Уладзіславу Кавалёву і Дзмітрыю Канавалаву.

«Сёння, звяртаючы ўвагу на магчымасці, якімі валодае дзяржава для перадухілення цяжкага злачынства і абясшкоджання злачынцы, не пазбаўляючы канчаткова вінаватага магчымасці выправіцца, выпадкі абсалютнай неабходнасці выкарыстання смяротнага пакарання ўжо вельмі рэдкія, а нават практычна ўжо не існуюць», – казаў каталіцкі іерарх.

Аляксандр Лукашэнка з 1990-х гадоў застаецца прыхільнікам смяротнага пакарання. Пры гэтым ён заяўляе, што ў гэтым выконвае волю ўласна беларускага насельніцтва.

Дыскусія сярод католікаў свету

Ва ўсім свеце католікі – самая вялікая хрысціянская канфесія з колькасцю вернікаў каля 1 мільярда чалавек.

Змены ў Катэхізісе адносна смяротнага пакарання ўжо выклікалі даволі гарачую дыскусію сярод католікаў у канфесійных СМІ і інтэрнэце. Гэтак, крытыкі адзначаюць, што новы параграф спасылаецца толькі на прамову самога сучаснага Папы, у той час як папярэднія тэксты, якія дазваляюць смяротнае пакаранне для абароны грамадства ў выключных выпадках, маюць куды больш глыбокі грунт у 2000-гадовым вучэнні Каталіцкага Касцёла.

З іншага боку разам з дакументам пра змены ў Катэхізісе было апублікавана афіцыйнае тлумачэнне, паводле якога новае стаўленне да смяротнага пакарання не супярэчыць папярэдняму, а толькі развівае яго ў новых умовах.

Што такое катэхізіс?

Катэхізіс – ад грэцкага «вуснае настаўленне» – гэта сістэматычнае апісанне вучэння (у дадзеным выпадку, Каталіцкага Касцёла), з якога кожны можа даведацца, у што зараз мае верыць католік, як гэтая вера павінна адбівацца на ягоным прыватным, грамадскім і палітычным жыцці.

Сучасны Катэхізіс выйшаў пры святым Папе Яне Паўле ІІ і стаў вынікам працы камісіі пад кіраўніцтвам кардынала Язэпа Ратцынгера (Папы Бенедыкта XVI).

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары