Каля сарака працаўнікоў Смаргоньскага занальнага цэнтру на бальнічным дома ці ў стацыянары. Крытыкуюць кіраўніцтва за паводзіны, якія прывялі да распаўсюду эпідэміі, і за спробы хаваць сітуацыю.
Інфармацыю пра каронавірус у санстанцыі Смаргоні апублікаваў Telegram-канал «Баста!»:
«Цяпер амаль усе работнікі на бальнічным, шмат у каго хварэюць родныя. Тэсты нікому не робяць, дыягназ – пнеўманія».
Belsat.eu ананімна паразмаўляў з работнікам санстанцыі:
«На мінулым тыдні было 14 чалавек на працы з, прыкладна, 55-ці. Шмат хто ляжыць у шпіталі, шмат у каго пацверджаны каронавірус. Мабыць толькі ў 15-17 чалавек не пацверджаны».
Працаўнік санстанцыі паведаміў, што ў канцы красавіка некаторыя работнікі хадзілі на працу з тэмпературай:
«Ну безадказныя! Хавалі гэта, хадзілі на працу, быццам здаровыя. Ніхто не спраўджваў, пры ўваходзе тэмпературу не вымяралі, ніякага кантролю не было. Кіраўніца нашая, калі хтосьці насіў маскі, смяялася з людзей. Казала: «Вы што баіцеся звычайнага ВРВІ? Панацягвалі гэтыя наморднікі на твар». Вось такая безадказнасць, якая вылілася ў вялікую колькасць хворых у арганізацыі».
Нашая крыніца кажа, што кіраўніцтва санэпіду – у стацыянары:
«Наконт двух кіраўнікоў: Марына Турэйка, галоўны лекар, і Анатоль Шкірмант, загадчык эпідаддзелам, – мы не ведаем, што з імі зараз. Але ведаем, што яны ў шпіталі з пацверджаным каронавірусам і пнеўманіяй. 29 красавіка галоўны лекар прыйшла на працу. Ёй, відаць, было дрэнна, але яна прыйшла, з усімі сход правяла. Потым яна з’ездзіла ў шпіталь, у больніцы выявілі пнеўманію. Не каб пайсці адразу на бальнічны – яна вярнулася ў арганізацыю, усім раздала свае каштоўныя наказы, і толькі потым пайшла ў шпіталь і ўжо тады тэст пацвердзіўся».
У кантакты першага ўзроўню запісвалі неахвотна:
«Усё намагаюцца схаваць. Спачатку запісалі толькі загадчыка эпідаддзелу, хоць галоўны лекар кантактавала амаль з усімі. Сімптомы ўсе ёсць, але рабіць тэсты было нельга.Усіх прыбіралі з кантактаў першага ўзроўню, бо не было б каму працаваць. Трошкі пазней ужо ўзялі ва ўсіх мазкі. Да апошняга сядзелі. Вось у выніку дасядзеліся».
Мы патэлефанавалі ў санстанцыю, дзе нам далі інфармацыю пра каронавірус у раёне, але каментаваць сітуацыю ў санстанцыі адмовіліся:
«Па раёне ў нас на 11 траўня 144 пацверджаных з каронавірусам. Санстанцыя працуе, лабараторыя працуе, прыёмная працуе. Шмат хто на бальнічным па розных прычынах: хто з дзецьмі, хто за ўласны рахунак, хто ў адпачынку».
У лабараторыі санстанцыі нам пацвердзілі выпадкі інфікавання:
«Шмат хто на бальнічным не з-за каронавірусу, шмат хто ўзяў адпачынак за свой рахунак на гэты час. Ёсць інфікаваныя, але ў нас у лабараторыі, напрыклад, няма. Ёсць людзі, якія былі ў кантакце. Яны таксама на бальнічным, яны не хварэюць і вынікі адмоўныя. Але ўсё роўна выседжваюць інкубацыйны перыяд».
У пасце Telegram-каналу «Баста!» была інфармацыя пра тое, што санстанцыя праводзіла праверкі ў школах, гандлёвых кропках і шпіталі без масак і пальчатак. У санстанцыі паведамілі, што другі тыдзень не робяць праверак. Belsat.eu патэлефанаваў у Сярэднюю школу № 5 г.Смаргонь:
«У нас была санстанцыя тыдзень ці паўтары таму, адзін чалавек. Яна была ў масцы з пальчаткамі, спраўдзіла толькі сталовую. Далей сталовай яе кіраўнік не пусціў».
Сітуацыю ў горадзе актыўна абмяркоўваюць у групе Вконтакте «Слухи Сморгонь». Там жа Кацярына апублікавала пост з просьбай знайсці донара крыві, які перахварэў на каронавірус, для яе мамы Галіны Антонаўны:
«Добры дзень. Хачу звярнуцца да вас з просьбай аб дапамозе ў размяшчэнні аб’явы. Мая мама знаходзіцца ў цяжкім стане ў рэанімацыі на ШВЛ у г. Смаргонь з пацверджаным каронавірусам. Патрэбен донар плазмы. Донар з 2 + групай крыві. Донарам плазмы можа стаць той, хто перахварэў на каронавірус. Чалавек павінен быць здаровы: на працягу мінімум 15 сутак павінны адсутнічаць любыя клінічныя сімптомы і любыя лабараторныя прыкметы інфекцыі. Узрост 18-60 гадоў, вага не менш за 50 кг. На працэдуру па зборы плазмы сыдзе 30 хвілін. Узнагароджанне гарантую. Тэлефон для сувязі 8-044-584-46-45 (Кацярына)».
Мы таксама паразмаўлялі з жанчынай:
«Я сама зараз у Менску, а мама ў Смаргоні. Яна ўжо на пенсіі, ёй 60 год і яна ў коме. Сувязі няма ўжо тыдзень, яна на ШВЛ. Лекары прагнозаў не даюць. Кажуць, што ўсё залежыць ад таго, як сябе будзе паводзіць арганізм».
ДЗ Belsat.eu