Дакумент яшчэ не набыў сілу.
Дэкларацыя была падпісаная ўвечары 10 кастрычніка. Свае подпісы пад дакументам паставіў старшыня каталонскага ўраду Карлэс Пучдэмон, ягоны намеснік Арыёл Жункерас і спікер парламенту Кармэ Форкадэль.
У сваёй прамове 10 кастрычніка старшыня каталонскага ўраду заявіў, што Каталуння павінная быць незалежнай і прапанаваў парламенту адкласці абвяшчэнне незалежнасці.
«Мяркую, што Каталуння павінная быць незалежнай дзяржавай у форме рэспублікі, – заявіў Пучдэмон. – Прапаную адтэрмінаваць абвяшчэнне незалежнасці ў мэтах дыялогу з Мадрыдам для пошуку рашэння».
«Пучдэмон ня ведае, дзе ён, куды ідзе і з кім хоча ісці», – пракаментавала падпісанне дэкларацыі віцэ-прэм’ер Іспаніі Сарая Саенс дэ Сантамарыя падчас пасяджэння ўраду ў ноч на 11 кастрычніка.
Іспанскі ўрад кажа, што аднабаковае абвяшчэнне незалежнасці было б незаконным і абяцае «аднавіць закон і дэмакратыю», калі парламент паўночна-ўсходняга рэгіёну краіны не спыніцца.
Згодна з артыкулам 155 іспанскай канстытуцыі, у выпадку абвяшчэння Барсэлонай незалежнасці Мадрыд можа пазбавіць Каталунню аўтаноміі.
ЮВ, belsat.eu