Капліца XIX стагоддзя ў адным з найпрыгажэйшых месцаў Віцебску пад пагрозаю знішчэння


Беларусь калісьці называлі краінаю замкаў і палацаў. Пазней былі войны і антыбеларускія рэжымы, якія разбурылі большую частку архітэктурнае спадчыны. А скончыць гэтую справу часам спрабуюць цяперашнія ўлады краіны. Гэтак, пад пагрозаю знішчэння апынулася капліца 19-га стагоддзя ў адным з найпрыгажэйшых месцаў Віцебску.

Адзін з найстаражытнейшых гарадоў Беларусі – Віцебск, першыя згадкі пра яго сягаюць нават 10-га стагоддзя. Але Другая сусветная вайна, а потым савецкая ўлада амаль цалкам разбурыла ўсе гістарычныя будынкі, якія б маглі прывабліваць турыстаў. Таму вялікая частка гэтак званага старога гораду, які Віцебск мае цяпер, – гэта штучна ўзноўленыя ў пачатку 21-га стагоддзя дамы.

ІНА АЎГУЦІС-ЯКАЎЛЕВА, ЭКСКУРСАВОДКА:

«Прыгожыя, выдатныя, але навадзелы. Таму гораду вельмі не хапае вось такіх маленькіх разынак, якія ствараюць аўру, атмасферу гораду. Бо сапраўды стары будынак прыносіць каларыт гораду»

Адною з такіх разынак мясцовыя гісторыкі лічаць былую каталіцкую капліцу, пабудаваную амаль 160 гадоў таму памешчыкам Сцяпанам Дуніным-Слепсцем у цэнтры свайго велізарнага саду. Праз адсутнасць фінансавання з бюджэту будынак прыходзіць у заняпад. І Віцебскі гарадскі выканкам не прыдумаў нічога лепшага, як папросту зруйнаваць яго, ды ўжо абвесціў тэндар на выканальніка працы.

ІНА АЎГУЦІС-ЯКАЎЛЕВА, ЭКСКУРСАВОДКА:

«Ну няма цяпер грошай, каб яго адрамантаваць, калі гэта дорага. Тады пакіньце яго пакуль, да лепшага часу. Няхай стаіць лепей, чым зараз знесці, а потым пра гэта шкадаваць».

Дырэктар Батанічнага саду, на тэрыторыі якога цяпер месціцца капліца, з захапленнем распавядае гісторыю будынку, які адразу меў культавае значэнне, а ў 1919-м годзе стаў адміністратыўным будынкам паказальнага саду, дзе праходзілі заняткі для юных натуралістаў. Маўляў, заўжды прыносіў карысць гораду, і толькі цяпер, з фінансавых прычынаў стаўся праблемаю для чыноўнікаў.

ЮРЫЙ ВЫСОЦКІ, ДЫРЭКТАР БАТАНІЧНАГА САДУ:

«Будынак прастаяў ужо сто гадоў, і яшчэ сто гадоў прастаіць. А знесці заўжды можна паспець»

Адным з варыянтаў развязання сітуацыі з шмат гадоў пустым будынкам можа быць перадача права ўласнасці капліцы тым, хто гатовы паклапаціцца пра вяртанне добрага стану будынку ды выкарыстання яго паводле першапачатковага прызначэння, а таксама і ў якасці магніту для турыстаў.

ВЯЧАСЛАЎ БАРОК, КАТАЛІЦКІ СВЯТАР:

«Варта ставіць такое пытанне, каб гэты будынак культавага прызначэння вярнуўся да каталіцкага касцёлу».

Чыноўнікі дасюль не паспелі ўнесці капліцу ў спіс помнікаў архітэктурнай спадчыны Беларусі. А значыць, мясцовыя ўлады могуць выкарыстаць гэты прабел, і мы страцім чарговую памяць пра мінуўшчыну, узростам 160 гадоў. З такім стаўленнем можна і ўвогуле застацца толькі з тым, што пакінула нам савецкая спадчына.

Юрый Салодкі «Белсат»

Стужка навінаў