Кангрэс ЗША падрыхтаваў законапраект аб ваеннай дапамозе Украіне на $1 млрд


Законапраект аб ваеннай дапамозе Украіне на суму ў $ 1 млрд быў падрыхтаваны рэспубліканцамі і дэмакратамі ў Кангрэсе ЗША.

Дакумент прадугледжвае, што гэтыя сродкі будуць скіраваныя на падрыхтоўку ўкраінскіх вайскоўцаў, а таксама на абарончую зброю ды абсталяванне для ўкраінскага войска на тэрмін да 30 верасня 2017 года, перадае interfax.by.

Кангрэсмен-дэмакрат Адам Сміт заявіў журналістам, што, «як мяркуецца, Расея вырашыла вярнуцца да часоў «халоднай вайны», і што эканамічныя санкцыі зусім не змянілі планаў прэзідэнта Пуціна».

Як адзначаюць назіральнікі, прэзідэнт ЗША Барак Оўбама не выключае паставак амерыканскай зброі Украіне, аднак пакуль устрымліваецца ад такога рашэння, разлічваючы на дыпламатычнае развязанне ўкраінскай праблемы, пра што ён напярэдадні заявіў у тэлефоннай размове з прэзідэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным.

У паведамленні Белага дому з гэтай нагоды гаворыцца: «Калі Расея працягне свае агрэсіўныя дзеянні ва Украіне, уключна з адпраўкай войскаў, узбраенняў, фінансаванне і падтрыманне сепаратыстаў, цана за гэта для яе ўзрасце».

МЯ, паводле interfax.by

Стужка навінаў