Найбольш актыўна паглядзець на футбольныя матчы на сусветным першынстве ў Расеі ехалі ўласна расейцы, потым палякі, аргентынцы, амерыканцы, мексіканцы і бразільцы.
Праз Нацыянальны аэрапорт Менск прыбыло на чэмпіянат больш за 11 тысяч замежнікаў, паведаміў афіцыйны прадстаўнік Дзяржаўнага памежнага камітэту Антон Бычкоўскі.
Аднак у асноўным аматары футбола ехалі на сусветны футбольны фэст на чыгунцы – 16,7 тысячы чалавек. Пераважна яны прыбылі спецыяльна арганізаванымі на гэты час транзітнымі цягнікамі Калінінград-Масква.
Адпаведна ільвіная частка гэтых аматараў была грамадзянамі Расеі – жыхарамі Калінінградскага анклава.
«Іх праехала праз беларускую мяжу каля 11 тысяч чалавек. Другімі па колькасці сталі палякі. Транзітам праз Беларусь праследавала прыкладна 5,3 тысячы жыхароў гэтай краіны», – паведаміў Бычкоўскі.
Раней паведамлялася, што праз Беларусь у Расею таксама ехалі грамадзяне Перу, Марока, Коста-Рыкі, Уругваю, Аўстраліі, Сальвадора і Ганы. Усяго праз Беларусь паглядзець футбол прыехалі заўзятары больш чым з 30 краін.
Аўтамабільным транспартам прыехалі праз Беларусь на першынства свету каля 4,8 тысячы чалавек. Пешымі праз мяжу прайшлі 58 чалавек.
Чэмпіянат свету праходзіў у Расеі з 14 чэрвеня па 15 ліпеня. Беларусь і Расея падпісалі 29 траўня міжурадавае пагадненне пра транзіт грамадзянаў трэціх краінаў на міжнародныя спартовыя імпрэзы. На час чэмпіянату для заўзятараў быў уведзены бязвізавы рэжым на тэрыторыі Беларусі з 4 чэрвеня па 25 ліпеня.
Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu