«Калі мы раскрылі банэр, нам увесь стадыён пляскаў»: беларускія фанаты пра паездку ва Украіну.


Футбольная зборная Беларусі вельмі рэдка дае падставу казаць пра сябе ў вясёлкавых танах, зрэшты, тое самае можна сказаць і пра апошнія падзеі ва Украіне. Аднак ёсць яшчэ пазітыўныя гісторыі, у якіх фігуруе і беларускі футбол, і Украіна.

Легенда пра парадак

[vc_single_image image=”368238″ img_size=”large”]

– Разам з сябрам даўно спланавалі адпачынкі адмыслова пад матч. Калі выязджалі з Беларусі, асаблівая ўвага была да маладых хлопцаў, у якіх грунтоўна правяралі сумкі, квіткі назад, квіткі на футбол, але прапускалі спакойна. Украінскія ж памежнікі спыняліся толькі на торбах, – распавядае заўзятар, які пакінуў сваё імя ў таямніцы.

– Якая атмасфера пануе ў краіне, дзе ідзе вайна?

– Жыццё ідзе сваёй чаргой – здаецца, людзі яшчэ гатовыя чакаць. Але відаць іхнае моцнае расчараванне. Усе вельмі ветлівыя, пасля фразы «Мы з Беларусі» адразу пачынаюць пра парадак казаць, даводзіцца ім казаць як ёсць. Кошты для беларусаў вельмі прымальныя. Вельмі спадабалася, што ў Кіеве шмат кавярняў, і тое, як выглядае Хрэшчатык у выходныя (галоўная вуліца Кіева становіцца пешаходнай – belsat.eu). Магутная энэргетыка на Майдане. А наагул, у выходныя горад па-сапраўднаму адпачывае.

– У вочы кідаюцца іхныя дарогі, тратуары і наагул вонкавае аблічча будынкаў, пабудоваў, горад нібыта зруйнаваны ў некаторых месцах, – дадае заўзятар.

– Як Львоў?

Глядзіце таксама >>> Марш беларускіх і ўкраінскіх фанатаў у Львове прайшоў пад расцяжкай «Братэрства сумлення» (ВІДЭА)

– Сам горад зачароўвае, ён абсалютна іншы: калі Кіеў з Менскам яшчэ можна неяк параўнаць, то Львоў – ніяк. Жылі ў гостэле сярод замежнікаў. Наагул, замежная мова паўсюль. Пасля сталі прыязджаць беларусы. Паводзілі сябе не заўсёды добра, але адразу сышліся з украінцамі. Вядома, была шыкоўная атмасфера на стадыёне падчас матчу, хоць нашыя заўзятары, калі шчыра, падвялі, – зладзілі незразумелую бойку. Калі мы раскрылі банэр, нам увесь стадыён пляскаў, што прабірала амаль да слёз.

– Нармальна дабраліся назад?

– Дарога дадому была ў цягніку, які адсоткаў на 70 складаўся з фанатаў. Ехалі стомленыя, але таннае львоўскае піва, што цякло ракою, рабіла сваю справу. Што дзіўна, украінскія памежнікі з гумарам працавалі, але і беларускія не горш. Загадалі адкрыць торбы. Мы сказалі, што вязем усё ў межах нормы, тыя пасмяяліся і сышлі. У цягніку часта гучала фраза «Жыве Беларусь!». На мяжы, праўда, нашыя заўзятары пачалі буяніць. Але на світанку ўлягліся.

Другі свет

– Першапачаткова ехаць у Львоў не збіраўся, але потым планы змяніліся, і мы паехалі на матч, тым больш, што дагэтуль ні разу не быў на выязных матчах зборнай, – распавядае ўжо другі заўзятар, Андрэй.

– Ці былі праблемы падчас уезду ва Украіну?

– Трымалі з сорак хвілінаў, але ўсіх прапусцілі – я быў гатовы да больш жорсткага праходжання мяжы, але памежнікі нават не пыталіся ні пра што. Стаўленне лаяльнае, ніякай грубасці, ды і з украінскага боку – тое ж самае.

– Як вас сустрэў Львоў?

– Наш цягнік сустракалі тры працаўнікі паліцыі. Рыхтаваліся да горшага, думалі, магчыма, давядзецца прайсці ў аддзяленне, але ўсё абышлося. Пайшлі да трамвая, праезд на якім, дарэчы, каштуе ўсяго 3 грыўні (прыкладна Br 2400 – заўв. рэд.). Амаль адразу горад пачынае зачароўваць, і здаецца, быццам ты акунуўся ў іншы свет: унікальная архітэктура, брук – адчуванне, што едзеш не ў трамваі, а ў карэце, а за акном XVII ст. Хіба што машыны псуюць гэтае ўражанне, але куды ж без іх. Праязджалі царкву Вольгі і Лізаветы, якая, на мой погляд, з’яўляецца адзін з шэдэўраў архітэктуры Львова.

– Ці вы шпацыравалі па горадзе перад матчам?

– Пад’ехалі да плошчы Рынак, дзе ўвесь час было чуваць «Слава Украіне!», даволі шмат людзей хадзілі ў атрыбутыцы зборнай Украіны. Калі гулялі па гэтым цудоўным горадзе, то да нас падышла дзяўчына з просьбаю купіць паштоўку, а грошы пойдуць на правядзенне бясплатных лекцыяў на тэму ЗЛЖ, патрыятызму і г.д. На паштоўку ў мяне крыху не ставала, і я вырашыў проста так аддаць ёй дробныя грошы.

– Якія ўражанні ад наведвання львоўскай арэны?

– За паездку з цэнтру таксіст запрасіў 120 грыўняў, вырашылі, што дорага, пайшлі на аўтобус. Зразумела, аўтобус цалкам забіты. Выйшлі з аўтобуса за 15 хвілінаў да стартавага свістка – зразумелі, што на гімн не паспелі. Хочацца адзначыць, што хлопец, які працаваў у камеры захоўвання, рабіў усё ну вельмі павольна. На ўваходзе ў наш сектар чаргі не было, хвілінаў за 5 праходзім увесь кантроль. У перапынку пайшлі да пункту грамадскага харчавання – ён усяго адзін, гэтага, вядома, мала, бо арганізатары ведалі, што будзе шмат людзей, але нічога не зрабілі.

– Нягледзячы на ​​тое, што футбол у другім тайме быў нудны, фанаты і простыя заўзятары стваралі выдатную атмасферу – шмат пераклічак з украінцамі ды гэтак далей. Пасля матчу засталіся на стадыёне, спявалі песні «Ляпіса Трубяцкога», танчылі.

– Распавядзіце пра зваротны шлях.

– У трамваі разгаварыліся з мужыком, ён нас падбадзёрыў, сказаў, што ўсё яшчэ наперадзе. Размаўлялі па-расейску. Нязручна, што платная зала чакання на львоўскім вакзале з першай да другой ночы зачыненая на прыбіранне. Украінскія памежнікі апынуліся суровымі дзядзькамі, рабілі ўсё моўчкі, але хутка. Потым у дызель зайшлі нашыя, трэслі «чаўнакоў», нас не чапалі. З усмешкамі на тварах пыталіся пра ўражанні ад футболу і жадалі шчаслівай дарогі, што нас прыемна здзівіла. У цэлым паразу зборнай палегчыла прыемная братэрская атмасфера ды шмат станоўчых эмоцыяў ад паездкі – калі вы яшчэ не былі ў Львове, то едзьце, і ён не пакіне вас абыякавым.

Размаўляў Яўген Балінскі, belsat.eu

Стужка навінаў