Калгасы МУС, дзе будуць жыць і працаваць зэкі, з'явяцца ў Беларусі ў ужо ў студзені 2018 года


У Беларусі будзе створана Рэспубліканскае ўнітарнае сельскагаспадарчае прадпрыемства, дзе змогуць працаваць асуджаныя. Гаспадарка «Хутар-Агра» пачне працу з 1 студзеня 2018 гадоў ў Светлагорскім раёне.

«Каб больш эфектыўна займацца сельскай гаспадаркай, у бліжэйшы час у крымінальна-выканаўчай сістэме будзе створана Рэспубліканскае ўнітарнае сельскагаспадарчае прадпрыемства. Так людзі змогуць працаўладкоўвацца і весці нармальны лад жыцця», – паведаміў начальнік Дэпартамента выканання пакаранняў МУС Сяргей Дарошка, піша «СБ. Беларусь сегодня».

На працу ў такі калгас будуць накіроўваць не толькі па вызваленні. У першую чаргу, туды прапануюць пайсці тым, каму замянілі пакаранне больш мяккім відам ці ўмоўна-датэрміновым.

«Тыя, хто мае адпаведныя спецыяльнасці, будуць накіроўвацца туды. Калі ў кагосьці сканчаецца тэрмін або адбываецца замена на ўмоўна-датэрміновае або папраўчыя работы, то чалавек мае права, калі ён падтрымлівае сацыяльныя сувязі, сям’я, дзеці, ехаць, куды яму неабходна. Але калі чалавеку няма куды ісці, у яго няма ні дома, ні сямʼі, нікога, будзем проста прапаноўваць яму застацца жыць і працаваць у гэтым Рэспубліканскім унітарным прадпрыемстве», – кажа Дарошка.

Начальнік Дэпартамента выканання пакаранняў МУС дадаў, што з пункту гледжання выхавання, «карысна працаваць».

Нагадаем, у жніўні кіраўнік МУС Ігар Шуневіч заявіў, што ў структуры крымінальна-выканаўчай сістэмы МУС плануецца стварыць спецыялізаванае сельгаспрадпрыемства для працаўладкавання былых вязняў.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў