Каханак забойцы 49 чалавек у гей-клубе «Pulse» распавёў пра матывы злачынства


Мужчына, які называе сябе каханкам забойцы 49 чалавек у гей-клубе «Pulse» ў Арланда, даў інтэрвʼю выданню «Univision». Мужчына, які схаваў свой твар пад маскай, распавёў, што Умар Матыйн мог пайсці на злачынства пасля таго, як у яго быў секс з мужчынам-носьбітам ВІЧ.

Па словах суразмоўцы «Univision», які назваў сябе Мігелем, ён пазнаёміўся з Матыйнам праз аплікацыю знаёмстваў для геяў і падтрымліваў з ім сяброўскія адносіны. Мужчыны сустракаліся для сексу 15-20 раз, апошні раз – у снежні 2015 года. Мігель апісвае іх адносіны як «сяброўскі секс» (friends with benefits).

Глядзіце больш >>> Бацька стралка з Арланда асудзіў злачынства сына 

Суразмоўца «Univision» распавёў, што Матыйн аддаваў перавагу лацінаамерыканскім мужчынам, але адчуваў сябе адрынутым у іх таварыстве. «Я ўпэўнены, што гэты шалёны, варʼяцкі ўчынак быў помстай», – лічыць Мігель. Паводле яго слоў, Матыйн быў моцна раззлаваны, калі высветліў, што ў аднаго пуэртарыканца, з якім у яго быў секс, выявілі ВІЧ. Ён зрабіў экспрэс-тэст, які адразу пасля кантакту з носьбітам ВІЧ не паказаў станоўчага выніку.

На пытанне Мігеля, што Матыйн збіраецца цяпер рабіць, той сказаў: «Я прымушу іх заплаціць за тое, што яны са мной зрабілі». Калі менавіта адбылася гэтая размова, не ўдакладняецца.

У ФБР пацвердзілі «Univision», што гутарылі з мужчынам, які прадставіўся былым палюбоўнікам Матыйна. Ніякіх афіцыйных пацверджанняў дакладнасці аповеду Мігеля атрымана не было.

Глядзіце больш >>> Жонка стралка з Арланда ведала пра ягоныя намеры 

У адказ на пытанне пра тое, навошта ён вырашыў расказаць сваю гісторыю, Мігель сказаў: «Гэта мой абавязак, як грамадзяніна ЗША і як гея».

Амерыканец Умар Матыйн застрэліў 49 чалавек і параніў больш за 50 у гей-клубе «Pulse» ў Арланда ў ноч на 12 чэрвеня. Матыйн перад забойствам патэлефанаваў у службу выратавання і заявіў, што зʼяўляецца прыхільнікам экстрэмісцкай групоўкі «Ісламская дзяржава». Следства лічыць, што Матыйн дзейнічаў у адзіночку і не праходзіў падрыхтоўкі ў «Ісламскай дзяржаве».

МЯ, паводле meduza.io

Стужка навінаў