Іранцам забаранілі вучыцца ў Беларусі на медыкаў


Міністэрства аховы здароўя Ірану з 1 жніўня забараніла студэнтам з гэтай краіны вучыцца ў Беларусі на медычных спецыяльнасцях.

«Пакуль не будзе паведамлена пра іншае, міністэрства не будзе акрэдытоўваць сертыфікаты студэнтаў, якія працягнуць навучанне ў Беларусі па стане на 1 жніўня», – заявіў доктар Хамід Акбары, намеснік міністр адукацыі.

Каб паступіць у Беларускі дзяржаўны медычны ўніверсітэт (Менск), замежнікі мусяць прайсці платныя падрыхтоўчыя курсы.

«За апошні год, вялікая колькасць іранскіх студэнтаў накіравалася ва ўсходнееўрапейскую краіну, каб працягнуць сваю вышэйшую адукацыю ў галіне медычных дысцыплінаў. Тым не менш яны не змаглі паступіць ва ўніверсітэт, і іх будучыня знаходзіцца ў падвешаным стане», – адзначыў Акбары.

Справа ў тым, што Беларускі дзяржаўны медычны ўніверсітэт мае штогадовую квоту для студэнтаў-замежнікаў у 200 месцаў. Сотні іранцаў, якія скончылі падрыхтоўчыя курсы, чакаюць, каб пачаць навучанне, але іхны статус застаецца нявызначаным.

Па гэтай прычыне іранскае міністэрства вырашыла забараніць новым студэнтам накіроўвацца на падрыхтоўчыя курсы.

Занепакоеныя бацькі маладых людзей штодня наведваюць Міністэрства аховы здароўя Ірану, а таксама беларускую амбасаду ў Тэгеране.

Паводле іранскага бізнес-выдання «Financial Tribune», цяпер у Беларусі навучаецца каля 1600 іранскіх студэнтаў, а каля 400 ужо атрымалі дыпломы па розных спецыяльнасцях.

Учора іранскія медыі паведамілі, што Беларусь наведае іранская дэлегацыя, каб паспрабаваць вырашыць праблему з навучаннем студэнтаў, якія скончылі падрыхтоўчыя курсы.

НМ, belsat.eu, паводле Financial Tribune

Глядзі таксама
Каментары