ІП: за крок да новых пратэстаў


40 базавых велічыняў штрафу для старшыні барысаўскай арганізацыі сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада» і былога прадпрымальніка Алеся Абрамовіча. За арганізацыю гэтага ж мітынгу ІП, падобнае пакаранне атрымаў прадпрымальнік Алесь Макаеў. Яшчэ некалькі ўдзельнікаў пратэсту абышліся штрафамі на Br 3 млн. Імпэту арганізатараў пакаранне, якое яны лічаць не законным, не спыніла.

«Будуць праводзіцца і далей мітынгі і будуць іншыя шляхі звяртання да прадпрымальнікаў у Беларусі ўжывацца. Ды прыкладу збор подпісаў за тое, каб Вярхоўны суд і іншыя галіны ўлады перагледзелі антыпрадпрымальніцкія па сваёй сутнасці ўказы прэзідэнта Рэспублікі Беларусь», – зазначыў Алесь Абрамовіч, чалец СДП «Грамад».

Хоць большасць прадпрымальнікаў пасля некалькіх месяцаў пратэстаў, відавочна, пагадзілася працаваць згодна з умовамі ўладаў, ад 1 ліпеня могуць зʼявіцца іншыя праблемы. У пятніцу здымаецца гэтак званы мараторый на праверкі адпаведнасці працы ІП з указам № 222, то бок наяўнасць сертыфікатаў на тавары лёгкае прамысловасці.

Указ № 222. ІП прыстасаваліся, але не змірыліся

На апошнім форуме прадпрымальнікаў у Менску, прадстаўнікі ўладаў намагаліся змякчыць сітуацыю, аднак, кажа арганізатар сустрэчы Анатоль Шумчанка, упэўненасці няма.

«Людзі баяцца масавых праверак, баяцца масавых планавых, пазапланавых, што пойдуць, будуць варушыць. Ніхто сёння з прадпрымальнікаў ня ўпэўнены ў сваіх дакументах. Па той прычыне, што органы праверкі заўсёды знойдуць за што зачапіцца», – тлумачыць Анатоль Шумчанка, лідар грамадскага абʼяднання «Перспектыва».

Мараторый правяранняў і дагэтуль быў збольшага фармальнасцю. Рэгулярныя адзінкавыя праверкі сталі нормаю на шмат якіх беларускіх рынках. Што ж зменіцца першага ліпеня?

«Паводле нашых падлікаў і прагнозаў, распачнуцца масавыя канфіскацыі маёмасці прадпрымальнікаў, бо яны працуюць на ліпавых, так бы мовіць, сертыфікатах і тады пачнецца сапраўдная хваля пратэстаў, сацыяльнага выбуху», – упэўнены Алесь Абрамовіч.

Правяральнік прадпрымальніцы: «Хачу, каб ты ў мяне на каленях маліла аб дараванні»

У сваю чаргу Анатоль Шумчанка спадзяецца, што ўлады зрабілі высновы з зімовых і вясновых пратэстаў.

«Я вельмі спадзяюся, што першага ліпеня нічога ня зменіцца і будзе так, як было раней. То бок улады не пачнуць масава хадзіць па рынках і масава ладзіць аблавы, бо інакш паўтарыцца гісторыя зімовага супрацьстаяння. Мы на форуме казалі, што трэба гэтага пазбегчы», – даводзіць Анатоль Шумчанка.

Пратэсты і фактычна страйкі ІП, былі адразу пасля ўвядзення ўказу № 222. Праўда, калі прадпрымальнікі выйшлі на рынкі цяпер, то ці не вырашаць улады, што і з масавымі правяраннямі ІП таксама пагодзяцца?

Усевалад Шлыкаў, «Белсат», фота – vm.ru

Стужка навінаў