Іосіф Кабзон запрапанаваў прыпыніць дыпламатычныя стасункі з ЗША


Дэпутат Дзяржаўнай Думы Расеі Іосіф Кабзон прапанаваў часова прыпыніць дыпламатычныя адносіны з ЗША праз тое, што спікер Савету Федэрацыі Валянціна Матвіенка атрымала візу ў краіну з абмежаваннямі.

Інтэрвю з Кабзонам з’явілася на сайце «Русской службы новостей» у суботу, 29 жніўня.

«Яны не пусцілі Матвіенку. Мала таго, што яна старшыня Савету Федэрацыі, яна яшчэ і жанчына. Ужылі нейкія дурныя санкцыі. Я б прыпыніў усе дыпламатычныя адносіны (з ЗША), каб амерыканцы задумаліся, што з намі нельга так абыходзіцца, нельга жартаваць з Расеяй. Ёсць народ Расеі, свабодны, які любіць сваю краіну. З намі жартаваць я б не рэкамендаваў нікому», – сказаў дэпутат Дзярждумы.

Неабходны мінімум кантактаў паміж дзвюма краінамі могуць падтрымліваць консульскія групы, упэўнены ён.

«Яны могуць весці дыялог і дамаўляцца пра ўсё. Але нейкі жэст трэба зрабіць, каб ён быў зразумелы. Што гэта лухта несусветная – тое, што дапусцілі амерыканцы», – дадаў Іосіф Кабзон.

Чытайце яшчэ >>> Лукашэнка кансультаваў Кабзона наконт беларускай мовы

Старшыня Савету Федэрацыі Валянціна Матвіенка ды іншыя чальцы дэлегацыі Расеі вырашылі не прымаць удзел у сесіі Міжпарламенцкага саюзу, якая пройдзе з 31 жніўня па 2 верасня ў Нью-Ёрку пасля таго, як ЗША выдалі Матвіенцы візу з абмежаваннямі, якая не дазваляе ўдзельнічаць у любых сустрэчах і іншых мерапрыемствах па лініі Міжпарламенцкага саюзу. Пры гэтым Матвіенка заклікала ўзважыць і прадумаць адказ дзеянням ЗША. Па яе словах, абмежаванні выглядаюць дзікунствам і сярэднявеччам.

Валянціна Матвіенка ўключана ў спіс асоб, у дачыненні да якіх улады ЗША ўвялі санкцыі, якія прадугледжваюць забарону на ўезд.

28 жніўня Іосіф Кабзон, які знаходзіцца ў чорным спісе Еўразвязу, паведаміў, што прэзідэнт Расеі Уладзімір Пукцін дапамог яму адкрыць медычную візу ў ЕЗ.

МЯ, паводле rusnovosti.ru

Стужка навінаў