Інваліды-вазочнікі правядуць мітынг у Менску, каб «дагрукацца да людзей»


Старшыня Рэспубліканскай асацыяцыі інвалідаў-вазочнікаў распавёў, як вулічныя акцыі дапамагаюць змагацца за свае правы.

«Дамагацца сваіх правоў будзем праз медыі, праз дыялог з уладаю, але і праз мітынгі. Бо гэта сапраўды дае плён», – лічаць у «Рэспубліканскай асацыяцыі інвалідаў-вазочнікаў». На 2016-ы год маюць вялікія надзеі.

Магчымасці аднаго чалавека абмежаваныя ў параўнанні з магчымасцямі вялікай супольнасці. Чальцы Рэспубліканскай асацыяцыі інвалідаў-вазочнікаў далучыліся да міжнароднага руху інвалідаў Еўропы за роўныя правы ды супраць дыскрымінацыі. У сталічным парку Дружбы Народаў 5 траўня збяруцца каля 150 асобаў, каб распавесці, якія іхныя правы парушае дзяржава і грамадзяне. Да кіраўніка краіны публічна накіруюць свой зварот.

«На жаль дазвол на правядзенне мітынгу атрымалі за тры дні да правядзення, – шкадуе старшыня арганізацыі Яўген Шаўко. – Гэта азначае, што замежных гасцей не будзе, бо паводле заканадаўства, запрашэнні можна дасылаць толькі пасля санкцыянавання акцыі».

Такім чынам у панядзелак запрасілі гасцей толькі з Беларусі – сябраў партнёрскіх арганізацыяў, медыі ды чыноўнікаў. Гэтаксама атрымалася з мінулым мітынгам, які актывісты праводзілі ў 2013-ым годзе.

Тады дазвол асацыяцыі вазочнікаў далі за 5 дзён да мітынгу. Другая палка ў колы вазочнікаў – гэта самое месца збору. Вядома, што Парк Дружбы Народаў не карыстаецца ў менчукоў папулярнасцю, як дзясятак іншых вялікіх пляцовак, дзе лагічна праводзіць мітынг. У заяўцы да Менгарвыканкаму аднак адразу пазначылі парк ля сціплай плошчы Бангалор, бо раней улада дала разумець – на іншае месца санкцыі ня будзе.

На гэтыя абмежаванні аднак вырашылі не зважаць. Бо галоўнае – заявіць пра праблемы, з якімі кожны вазочнік ці інвалід па зроку сутыкаецца штодня. У распрацаваным адмыслова да акцыі «Звароце да Прэзідэнта» пералічаныя 11 канстытуцыйных правоў і гарантыяў, якія не дзеюць ці выконваюцца часткова ў дачыненні да людзей з інваліднасцю:

Аўтары звароту зазначаюць, што ўсе парушэнні правоў інвалідаў-вазочнікаў адбываюцца падчас дыскрымінацыі ці ў выніку яе. Гэтыя факты пацверджаныя даследаваннямі і штодзённым досведам працы арганізацыяў інвалідаў-вазочнікаў. Праблема не з доказамі, а тое што ў Беларусі няма прававой абароны ад такіх выпадкаў. Таму просьба да ўладаў – заўпэўніць глыбінныя змены ў падыходах да інвалідаў ды інваліднасці, забяспечыць людзям з абмежаванымі магчымасці безбарʼернае асяроддзе дзеля паўнавартаснага жыцця.

«У нашым грамадстве інвалід дагэтуль успрымаецца, як асоба якой не пашчасціла, якая мае сядзець дома і якая вартая шкадавання, – цвердзіць Яўген Шаўко. – Гэта і ёсць найвялікшая праблема, з якой выцякаюць астатнія. Праз мітынг 5 траўня мы хочам дагрукацца да людзей, каб яны пачулі і зразумелі, што мы хочам свабодна перасоўвацца, можам вучыцца і працаваць».

Карысць ад мітынгаў

Яўген Шаўко шкадуе, што сярод партнёрскіх арганізацыяў ніхто больш не імкнецца праводзіць вулічных акцыяў, не верыць у карысць мітынгавання. Плён безумоўны. Некалькі пытанняў з папярэдняга, праведзенага ў 2013-ым годзе мітынгу, засталіся па-за зместам сёлетняга звароту да кіраўніка дзяржавы. Бо гэтыя пытанні вырашаныя. Першае – каб інвалідаў-вазочнікаў на мяжы прапускалі без чаргі. Доўгія пераезды і стаянкі вельмі стамлялі, да таго ж памежныя пераходы не абсталяваныя прыбіральнямі для інвалідаў. Другая перамога – пастанова, каб усе новыя дамы будавалі з пандусамі. Раней дамы будавалі з лесвіцамі і толькі «прадугледжвалі», пакідалі месца на падʼёмнік ці пандус. На справе ж ніхто ў выпадку патрэбы не кідаўся ўладкоўваць такі падʼезд для асобы на вазку.

Пасля сёлетняй акцыі арганізатары чакаюць увагі дзяржавы да асобаў, якія даглядаюць інвалідаў. Бо і працоўнага стажу ім не налічваюць, і не дазваляюць афіцыйна працаваць недзе яшчэ. Маюць просьбу вярнуць выдачу інвалідам Беларусі аўтатранспарту з ручным кіраваннем. Звяртаюць увагу на неабходнасць своечасовай рэабілітацыі людзей з інваліднасцю і гэтак далей.

Сёлета ўлада мае ратыфікаваць падпісаную летась у верасні Канвенцыю ААН аб правах інвалідаў. Асобы з інваліднасцю вельмі чакаюць гэтае падзеі, бо тады дзяржава будзе абавязаная цалкам пераглядзець сваё стаўленне да чалавека на вазку, дапамагаць яму ў безбарʼерным існаванні. А таксама будзе абавязаная займацца адукацыяй грамадства. Каб яно ўспрымала інвалідаў як паўнавартасных грамадзянаў, ды імкнулася руйнаваць вакол іх фізічныя і ментальныя барʼеры.

Юлія Цяльпук, belsat.eu, фотаздымкі з Facebook Яўгена Шаўко

Стужка навінаў