Ініцыятар петыцыі супраць падатку на дармаедства сам шукае працу


Віталь Юрчанка з Гомлю склаў інтэрнэт-петыцыю з патрабаваннем адмены падатку на дармаедства, прачытаўшы шэраг асуджальных каментароў на некаторых сайтах у сеціве.

Аднак усе гэтыя каментары нагадалі былому прадпрымальніку абмеркаванне на кухні: «Людзі шмат гаварылі, але па сутнасці нічога не рабілі. Адпаведна абудзілася ідэя стварыць дадзеную петыцыю, каб усе людзі, нязгодныя з дадзеным дэкрэтам («Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства» – рэд.), прагаласавалі, паставілі свой подпіс».

Асабістай матывацыяй спадара Юрчанкі было тое, што ён на сённяшні дзень, як і шмат хто з беларусаў, застаўся без працы. Цягам 10 гадоў гамяльчук займаўся гандлем прадуктамі харчавання – бакалеяй, садавіной і гароднінай.

«Потым мы ад гэтага бізнесу адышлі, заняліся продажам дзіцячага абутку. Каля года мы адпрацавалі, займаючыся продажам беларускіх брэндаў, такіх як «Шагавіта» і Бацічэллі». Можа, гэта з намі адзінымі так адбылося, але тыя магазіны, якія мы арандавалі ў дзяржавы, разам з намі прадалі нейкаму прыватніку. Арэндная плата паднялася ў некалькі разоў. Адпаведна мы мусілі зачыніцца і на сённяшні дзень знайсці сябе ў працы мы не можам. Невядома, чым займацца, бо рэальна небяспечна ў нешта ўкладаць грошы», – адзначыў спадар Юрчанка.

Знайсці ж працоўнае месца для былога бізнесоўца надзвычай складана. «Куды я ні звяртаўся, то знаёмцы ўсе спачуваюць, але, на жаль, з улікам скарачэнняў на сённяшні дзень у нас на Гомельшчыне банальна няма працы, няма чым заняцца», – заўважыў жыхар Гомлю.

Былому прадпрымальніку прапанавалі пераехаць у Іспанію і заняцца там продажам садавіны. Ён аднак усцяж спадзяецца, што зможа знайсці адпаведную для сябе працу на радзіме.

Кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка 18 красавіка паабяцаў пры неабходнасці выправіць да канца года сітуацыю з дэкрэтам аб перадухіленні сацыяльнага ўтрыманства.

МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў