«Іх забіваюць за “пыл у кішэні”»


Маці пакараных «за наркотыкі» вязняў цвердзяць, што іхных дзяцей літаральна спрабуюць знішчыць у турмах. На такіх вязняў за кратамі прыходзіцца менш за адзін квадратны метр прастроы і – ніякіх правоў.

Перад Пятым усебеларускім сходам маці асуджаных напісалі зварот да дэлегатаў. Падчас сходу – абрывалі тэлефоны «гарачай лініі». Некаторым удалося датэлефанавацца і сказаць дэлегатам: праблема вакол артыкулу 328 Крымінальнага Кодэксу ўжо зрабілася агульнанацыянальнаю і да распаўсюду наркотыкаў мае толькі ўскоснае дачыненне.

Алена Яцкевіч – маці асуджанага паводле арт. 328 хлапца, інваліда 2-ой групы, залежнага ад медыкаментаў і стэрыльных катэтараў для вывядзення мачы. Воўкам Дзіма Яцкевіч не вые, хоць у Івацэвіцкай калоніі №22 «Ваўчыныя норы» здараецца рознае. Можна канчаткова згубіць здароўе, а можна і пазбавіцца жыцця. У асноўным там адбываюць тэрміны паводле гэтак званых «наркатычных артыкулах» і большасць названых дылерамі маладзёнаў – трапілі за краты праз хуткі суд. Гэта калі доказы вінаватасці слабыя, але суддзі ўсіх інстанцыяў дзеюць рашуча – вінаваты і кропка.

elena-yatskievicz-328-belsat
Кадр з каналу Youtube «Народны рэпарцёр»

Хутка не застанецца такой незалежнай газеты, якой бы мы не давалі інтэрвʼю, – кажа Алена Яцкевіч, – бо да чыноўнікаў не дагрукацца ні наўпрост, ні праз іхныя медыі… Больш за тое – чым больш мы змагаемся за нашых дзяцей, тым горшымі робяцца ўмовы іхнага ўтрымання!

– Ваш сын знаходзіцца ў званай «Ваўчынымі норамі» Івацэвіцкай калоніі… Якія ў вас заўвагі да адміністрацыі?

– Зрабілі больш жорсткімі ўмовы ўтрымання так званых наркадылераў – дзяцей, якія сядзяць за пыл у кішэні. Найбольш пільнае цяпер – пытанне санітарных нормаў. На 120 м2 у Івацэвічах знаходзяцца 150 чалавек. Гэта менш за квадратны метр на асобу, а мае быць прынамсі два. Дзяцей піхаюць туды як селядцы. Выносяць тумбачкі і мантуюць дадатковыя нары.

dima-yatskievicz-328-nory
Папраўчая калонія №22

– Вялікія тэрміны ў такіх умовах не кожная псіхіка можа вытрымаць…

– Першы суіцыд у калоніі ўжо ёсць. Пазбавіў сябе жыцця малады мужчына з вялікім тэрмінам па арт. 328. На волі пакінуў дваіх дзяцей… Дык няўжо дырэктыва Аляксандра Лукашэнкі «каб смерці прасілі» пераўтвараецца ў жыццё? Няхай лепш нехта зверне ўвагу, што бальшыня зняволеных – ніякія не дылеры, а моладзь, якую хапаюць у выніку адмыслова арганізаваных «пастак», праз так званыя «кантрольныя закупы» ці праз паклёп. Майму сыну Дзіме накруцілі 9 гадоў паводле сведчанняў усяго адной асобы.

– Алена, якім чынам «трапіў» ваш сын? Ён жа па інваліднасці нават навучаўся ўдома.

– Сын у мяне 1993-га году нараджэння. Так, у нас невылечная хвароба – плечава-мазгавая грыжа. Раней дзеткі з такім дыягназам не дажывалі да паўналетняга ўзросту. Цяпер медыцына дазваляе жыць. Але гэта бясконцыя шпіталі, аналізы, балючае лекаванне хранічнай нырковай недастатковасці на апараце. Ён ніякі не дылер і з такім здароўем за кратамі яму не месца. У красавіку 2015-га года Дзіму агаварыў хлапец па прозвішчы Бондарык – таварыш з сумнеўнаю рэпутацыяй, які быў судзімы на момант нашага працэсу. На судзе Савецкага раёну Менску летась у кастрычніку ён сведчыў, што набыў спайсы ў Дзімы і выйшаў на волю з залі суда. А майго сына ўпяклі.

dima-yatskievicz-328-belsat--pasviedchannie
Пасведчанне аб інваліднасці

– Ці следства высветліла, пры якіх акалічнасцях адбыўся той продаж наркатычных сродкаў?

– Ніхто нічога не высвятляў! У нявызначаны час, нявызначаным месцы пры неўстаноўленых абставінах! Я разумею, каб пры такой доказавай базе штраф за нешта даць, ды няхай нават умоўны тэрмін! Нікога не хвалюе. Ліпавы суд з неймаверным выракам, адбыць які мае да званка.

– Але ж улічваючы стан ягонага здароўя

– Няма адной ныркі, мачавы зроблены з ягонага ж кішачніку і пазбывацца мачы даводзіцца праз пупавіну. Цяпер ужо падцякае гэта ўсё з жывата. Там яго навазілі і налекавалі так, што ўжо і знізу цячэ… бо там няма і не можа быць спецыялістаў. Такіх дыягназаў у краіне не больш ста. На волі мы ведалі, да каго звяртацца і былі ў парадку. Цяпер жа ён на нарах з запальным станам, нашпігаваны антыбіётыкамі. Паводле Закону, ягоная хвароба замінае далейшаму адбыванню пакарання ў калоніі. Апеляцыйныя інстанцыі цвердзяць, што хвароба не ўваходзіць у той пералік. Але ж там чорным па белым напісана!

dima-yatskievicz-328-belsat-doc2

– Як выглядаюць судовыя паседжанні па вашай справе?

– Адзін суддзя перакідвае справу другому і кожны перапісвае аднолькавую фармулёўку. У апеляцыйных судах бачна, што суддзя на працэсе знаёміцца са справаю, вочы на лоб вылазяць ад жаху. Глядзіць на мяне са здзіўленнем, але робіць сваё. Таму я нават не ведаю, ці звяртацца мне ў апошні – Вярхоўны суд. Бачу што хіба толькі наперад нагамі адпусцяць яго з камеры раней тэрміну.

– У Крымінальным Кодэксе ёсць артыкул №70, які прадугледжвае больш мяккае пакаранне з улікам надзвычайных абставінаў, асаблівасцяў асобы… З «Руху матуляў 328» хіба ў вас адзінай ёсць магчымасць пайсці з гэтага боку.

– Былі і такія спробы. Дадатковая акалічнасць, якая мае вырак змякчыць – гэта смерць бацькі напярэдадні завядзення крымінальнай справы супраць Дзімы. Я нават не ведаю ўжо цяпер, ці адно з другім не звязанае. Муж Валер – галоўны інжынер турэцкай будаўнічай фірмы, загінуў у ДТЗ. Пры ім былі $ 40 тыс., але грошы зніклі, а даведацца прозвішчы супрацоўнікаў, якія прыбылі на месца здарэння, не ўдавалася аніякімі намаганнямі. Потым «пайшлі ў адказную» і схаваліся сведкі наяўнасці грошай у аўтамабілі…

– Непакоіцеся што сын мог стацца ахвяраю вашых настойлівых спробаў вярнуць сабе належнае?

-…

Алена маўчыць, бо што тут скажаш? Кожнае слова і кожны рух могуць спрацаваць на шкоду. Яшчэ не набылі моц папраўкі ў заканадаўства, згодна з якімі адбываць пакаранне вязням-328 будзе яшчэ больш складана. Ужо цяпер хлопцаў у калоніі пазначаюць зялёнымі бэджамі. Цікава – дзеля чаго іх гэтак вылучаць? Матулі, якія змагаюцца за паслабленні ва ўмовах утрымання, задаюцца пытаннямі: чаму не запіраюць за краты сапраўдных дылераў, якія варочаюць дзясяткамі кілаграмаў наркатычных сродкаў? Чаму мяжа з Расеяй, з якой вязуць тыя «спайсы» настолькі празрыстая і неабароненая? І галоўнае – калі за кожнага вязня-328 перастануць прэміяваць і прасоўваць па службовай лесвіцы? Бо калі цана назначанае, то і злачынца знойдзецца.

Гутарыла Юлія Цяльпук, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары