І вы хочаце, каб без мацюкоў?!

Паглядзеў «стрым» Радыё Свабода з пасяджэння нарады па Стварэнні аргкамітэту па абмеркаванні Складу групы для перамоваў з уладамі пра фармат магчымага правядзення магчымага святкавання 100-годдзя з дня стварэння Беларускай Народнай Рэспублікі.

…ць! Гэта трэба паказваць штодня замест праграмы навінаў! Гэтая карцінка працуе на ўмацаванне цяперашняй улады больш, чым усе давыдзькі ды якубовічы разам, як бы яны сёння не называліся! Ні адная нармальная асоба, паглядзеўшы трансляцыю з падобнага пасяджэння, проста не будзе за іх галасаваць!

Яны не чуюць адзін аднаго – яны чуюць толькі ўласныя крыўды.

Яны не думаюць пра бяспеку тых, хто можа і захоча прыйсці на акцыю – іх цікавіць той фармат, у якім яны, асабіста яны будуць глядзецца найбольш выйгрышна. Ім патрэбны мегафон і магчымасць некалькі разоў гыркнуць нешта на вачах журналістаў.

Ці вы ўяўляеце канцэрт, які пройдзе каля Опернага тэатру?

Вядоўца. А зараз да мікрафону падыйдзе Лявон Вооооооооооольскііііі….

Першы прамоўца. Паколькі Вольскі нікога не прадстаўляе, а я прадстаўляю тысячы і нават сотні, то спяваць буду я. «Мы выйдзем шчы…»

Другі прамоўца. Паколькі мы не галасавалі за тое, каб ты наагул атрымаў слова, то я скажу ўсім, што ты – агент КДБ, сука, а спяваць будзе мой аргкамітэт. «Радзімааааа мая дарага…»

Трэці прамоўца. Я не падтрымліваю спадара Г., бо спадара Г. я наагул ніколі не падтрымліваю, і падчас шэсця мы ішлі па розных баках вуліцы, тым больш цяпер, калі радзіма ў небяспецы і толькі праеўрапейскі шляааа…

Чацверты прамоўца (спявае). «Лігалайз, лігалайз, што ж ты кінуў мяне? Пасадзіць не ўзнялася рука?»

Вядоўца: Матолька, не свяці мне фотаўспышкай у вочы, бо запішу ў КХП!

Матолька: Ставим подписи под петицией о праве людей на свободную прогулку с собаками на площади Бангалор!..

Пяты прамоўца: Мы – за мірныя перамены! Мы – за мірныя перамены! Мы – кха-кха- кха-кха…

Шосты прамоўца: Зянон! Зянон! Зянон!

Вядучы: Матолька, прыбяры свайго сабаку!

Матолька: Это не собака, это агент спецслужб!

Сабака: Сам ты – агент спецслужбаў!

Пяты прамоўца: Мы – за мірныя перамены! Мы – за мірныя перамены! Мы – кха-кха- кха-кха…

Сёмы прамоўца: Па шматлікіх просьбаў праваабаронцаў, праваахоўнікаў і ахоўнікаў спяваем вядомую песню клятых маскалёў «Переведи меня через Майдан…»!

Дах Опернага тэатру з’яжджае і ўносіцца ў невядомым кірунку. Падае «Дом Чыжа», пакідаючы ў недатыкальнасці кватэры лаўрэата Нобэлеўскай прэміі па літаратуры і чэмпіёнаў Алімпійскіх гульняў.
На руінах дуэтам спяваюць Вольскі ды Вайцюшкевіч: «Переведи меня через Майдан…» Па заканчэнні дуэта ўнучкі кіраўніка краіны дораць спевакам букеты з бел-чырвона-белых гваздзік.

*Меркаванне аўтара можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў