Хто заплоціць «грыбны падатак»?


Пастанова Савету міністраў ўсталёўвае памеры збораў за «пабочнае лесакарыстанне»: збор ягадаў, грыбоў і нарыхтоўку іншых дароў лесу.

Дакумент «Аб усталяванні таксавага кошту за пабочнае лесакарыстанне і нарыхтоўку другарадных лясных рэсурсаў, карыстанне ўчасткамі ляснога фонду ў культурна-аздараўленчых, турыстычных, іншых рэкрэацыйных і (або) спартыўна-масавых, фізкультурна-аздараўленчых, спартыўных, навукова-даследчых і адукацыйных мэтах» падпісаны Андрэем Кабяковым 31 студзеня і пачаў дзеяць.

Да «пабочнага лесакарыстання» адносяцца касьба, пасьба жывёлінаў, размяшчэнне вулляў і пчальнікоў, нарыхтоўка дрэўных сокаў, нарыхтоўку і збор дзікарослых пладоў, ягадаў, арэхаў, грыбоў ды іншых харчовых лясных рэсурсаў, бяросты, лекавай і тэхнічнай сыравіны, збор моху, ляснога подсцілу, апалага лісця.

Напрыклад, за збор ягадаў і грыбоў прыйдзецца заплаціць 0,01 базавай велічыні за 1 кілаграм (0,23 руб).

У сацыяльных сетках на новаўвядзенне адрэагавалі востра: напрыклад, Аляксандр Татарынцаў, у мінулым генеральны дырэктар ААТ «Джэм-банк», мяркуе, што дзеянне пастановы будзе распаўсюджвацца на фізічныя асобы.

Грыбнікі могуць спаць спакойна

У Міністэрстве лясной гаспадаркі Беларусі тлумачаць, што пастанова датычыць прадпрымальнікаў і распаўсюджваецца на юрыдычная асобы, бо ў дакуменце вядзецца пра «пабочнае лесакарыстанне» у культурна-аздараўляльных, спартовых і іншых мэтах.

«Таксы ўстаноўленыя для юрыдычных асобаў, якія займаюцца камерцыяй. Раней гэтыя таксы зацвярджаліся ў кожнай вобласці асобна, цяпер цэнтралізавана. Каб быў адзіны падыход для ўсталявання кошту загатоўкі гэтых рэсурсаў», – распавёў начальнік упраўлення Мінгасу Мікалай Юрэвіч.

Паводле Ляснога кодэкса, для грамадзянаў нічога не змянілася. Як і раней, прыватныя асобы свабодна могуць знаходзіцца на тэрыторыі ляснога фонду і бясплатна і без дадатковых дакументаў збіраць ягады і грыбы, дадаў ён.

Арт. 44 Ляснога кодэкса РБ: «грамадзяне маюць права свабодна знаходзіцца на тэрыторыі ляснога фонду і без дазвольных дакументаў бясплатна ажыццяўляць для задавальнення ўласных патрэбаў збор дзікарослых ягадаў, грыбоў, пладоў, арэхаў, ляснога подсцілу, апалага лісця, нарыхтоўкі драўняных сокаў, бяросты і галінак дрэваў, дзікарослых раслінаў і іх частак, моху і г.д

ДР belsat.eu

Стужка навінаў