Хто стаіць за найбольш масавым забойствам у гісторыі ЗША?

video

Самая крывавая страляніна ў грамадскім месцы за ўсю гісторыю ЗША – менавіта гэтак акрэсліваюць амерыканскія ўлады напад на гей-клуб у штаце Флорыда, які здзейсніў 29-гадовы выхадзец з сямʼі афганскіх мігрантаў.

«Імя падазраванага Амар Матын. Ён жыў у Порт-Сэнт-Лусі. І гэтая асоба – грамадзянін Злучаных Штатаў Амерыкі», – распавядае Элан Грэйсан, кангрэсмен ад штату Флорыда, дэмакратычная партыя.

Забойца прыйшоў у начны гей-клуб «Пульс» у горадзе Арланда, штата Флорыда, з пісталетам і штурмавой вінтоўкаю. Паводле некаторых крыніцаў, меў пры сабе таксама выбуховае прыстасаванне.

А другой гадзіне ночы раздаліся першыя стрэлы, частка людзей паспела схавацца ў памяшканнях грымёраў, частка ўцячы, але дзясяткі людзей засталіся. Вынік крывавага начнога расстрэлу – 50 забітых, яшчэ 53 параненыя. Стан некаторых з іх цяжкі, а, значыць, спіс смяротных ахвяраў можа папоўніцца. Забіты падчас спецаперацыі і сам злачынца.

«Мы спрабуем выявіць, ці гэтае злачынства здзейсненае на глебе нянавісці, ці гэта спланаваны акт тэрарызму. Цяпер мы шукаем фактаў пацверджання розных версіяў. Але пакуль мы ў самым пачатку гэтага расследавання», – тлумачыць Рон Гопэр з ФБР.

Паводле тэлеканалу NBC, за некалькі гадзінаў да нападу Матын патэлефанаваў у паліцыю і заявіў аб сваёй вернасці тэрарыстычнай групоўцы «Ісламская дзяржава». Пасля тэракту прадстаўнікі экстрэмістаў праз інфармацыйнае агенцтва «Аль-Амак» таксама заявілі, што напад на клуб здзейсніў баец «Ісламскай дзяржавы»

«На гэты момант мы не маем доказаў, што ён звязаны з нейкаю канкрэтнаю групоўкай. Але, падаецца, гэта не выпадковы напад. Калі ўлічыць час і месца», – упэўнены Элан Грэйсан.

Паводле словаў бацькі забойцы, сын ніколі не быў асабліва рэлігійным чалавекам. Тое самае цвердзіць і былая жонка тэрарыста. І дадае, што Амар Матын – псіхічна неўраўнаважаная асоба.

«На пачатку ён быў нармальны чалавек. Ён апекаваўся сямʼёй, часта жартаваў, часта ўсміхаўся. Але праз некалькі месяцаў пасля вяселля я адчула ягоную нестабільнасць, ягоную агрэсію», – зазначае былая жонка забойцы.

Паводле спецслужбаў ЗША, Амар Матын з 2013 года быў пад іхным наглядам – бо выказваўся пра сваю сувязь з ісламістамі ды асабіста ведаў аднаго з тэрарыстаў-смяротнікаў. Аднак тады пасля праведзеных допытаў і вобшукаў ФБР закрыла справу, не маючы доказаў.

«Мы мусім чакаць канкрэтных фактаў ад следчых. І толькі тады мы зразумеем, што здарылася. І мы будзем працаваць разам, каб захаваць нашае грамадства моцным», – мяркуе Мухамэд Мусры, кіраўнік мусульманскай грамады штату Флорыда.

А вось найбольш верагодны кандыдат на прэзідэнта ад Рэспубліканскай партыі Доналд Трамп, каментуючы забойствы ў Флорыдзе, наўпрост звязвае рэлігію і крывавую ноч у Арланда.

«Тое, што адбылося ў Арланда, толькі пачатак. Нашыя ўлады слабыя і неэфектыўныя. Я заклікаю да забароны ўезду ў ЗША мусульманаў. Неабходнае жорсткае рашэнне», – упэўнены Доналд Трамп.

Страляніна ў Арланда – другая гучная амерыканская трагедыя за апошнія дні. У суботу мужчына з пакуль невядомых прычынаў застрэліў мясцовую спявачку Крыстыну Грымі.

Паводле некаторых экспертаў, гэта зноў востра паставіць пытанне перад амерыканскім грамадствам: «Ці не варта было б абмежаваць карыстанне зброяй у ЗША ды ўзмацніць кантроль за ўжо выданаю зброяй».

Юрый Салодкі, «Белсат», фота – voanews.com

Глядзі таксама
Каментары